М
730. Мае й блохі былі падохлі. Прыказвае той, хто апавядае, як яму некалі здарыўся вялікі пярэпалах.
731. Мае красенцы, мае сушэнцы, зівайця, як сьвякроў на нявестку, або як мачыха на падчырыцу. Прыказвае ткальля, калі затыкае кросны.
732. Мае слугі пагнуліся ў дугі. Прыказвае той, чые работнікі ці па хваробе ці таму, што незадаволеныя, слаба працуюць.
733. Маім салам ды па маёй скуры мажа. Прыказвае той, каму нехта дагаджае ягонай-жа працай.
734. Маіш статак, трэба мець і ўпадак. Разважаюць таго, хто мае нейкі ўбытак у гаспадарцы.
735. Майстра, майстра, — ня псуй клін! Прыказваюць, калі няўмека бярэцца за паважную работу.
736. Май усяго даволі, а бяды ніколі. Пажаданьні дабра.
737. Маладось — дурнось. 1. Прыказваюць старыя, калі ім успамінаюць іхныя памылкі й дурноту ў іх маладыя гады. 2. Гэтак старыя прыказваюць на не паважныя паводзіны маладых.
738. Маленькі сабачка да веку шчаня. Прыказваюць на малога брахуна-лайдака.
739. Мал залатнік ды дораг. Прыказваюць малыя людзі, калі іх нехта ганьбуе за рост.
740. Малоя — цалоя, а большая — папалам. Гутарка аб благім мліве. Прыказваюць аб работніку, які шпарка робе, але ягоная работа дрэннай якасьці.
741. Малы жук ды вялікі гук. Калі малы чалавек ды вялікага крыкуна робе.
742. Малыя дзеці — малы й клопат, а вялікія дзеці — вялікі й клопат. Прыказваюць бацькі, калі ёсьць шмат выдаткаў на большых дзяцей або калі дзеці распусныя ды робяць бацьком шмат клопату.
743. Малыя дзеці спаць ні даюць, вялікія дзеці жыць ні даюць. Наракаюць гэтак бацькі, калі іхныя дзеці іх крыўдзяць.
744. Маляр мажа ды ня еўшы спаць ляжа. Прыказваюць мастаку, калі ягоная праца матар'яльна яго не забясьпечвае.
745. Мама, мама! Вось мяне хлопцы любюць, бо калі выйду на вуліцу, дык за кулакамі сьвету ня віджу. Жарт на прыказку: «Хто любіцца, той чубіцца».
746. Мана наверх выйдзя. Гэтак разважаюць таго, хто наракае, што на яго ўзлажылі нейкую напасьць, наманілі.
747. Марац мацая за паліц. І ў сакавіку бывае сьцюдзела ў рукі.
106 👁