Лепі з добрым згубіць, як з благім знайсьці. Прыказвае той, хто з благім чалавекам ня мог нейкага дабытку падзяліць. 699. Лепі з разумным згубіць, як з дурным знайсьці. Калі з разумным згубіш, дык ён нікому ня скажа й людзі ня будуць сьмяяцца. Калі-ж з дурнем знойдзеш, дык ён адразу пахваліцца, і знойдзеную рэч адбяруць. 700. Лепі лічыць свае вошы, як чужыя грошы. Прыказвае сумленны чалавек, бо лепей жыць бедна, але незалежна, чымся лічыць чужыя грошы, пралічыцца ды сесьці ў вязьніцу. 701. Лепі насіць латаная, як хватаная. Лепей быць бедным і насіць латаную вопратку, чымся быць багатым, але жыць з кражы, ці іншага злачынства. 702. Лепі пагадзіцца, як доўга судзіцца. Лепей пагадзіцца й на дрэнных умовах, чымся траціць час і грошы на суд, які можна й ня выграць. 703. Лепі свае лапці, як чужыя боты. Свае лапці ахаваюць ногі ад сьцюжы, а чужыя боты, хоць і прыгожыя, але не сагрэюць. 704. Лепі свае благоя, як чужоя добрая. Свая, хоць і благая гаспадарка. але дае сякую-такую карысьць, а чужая добрая — ніякой. 705. Лепі сібраваць з жыдам галапятым, як з панам багатым. Гэтак прыказвае селянін, калі пан не аддае доўгу, які цяжка ад яго й высудзіць. 706. Лепі служыць манарху, як нейкаму парху. Гэтак прыказвалі сяляне посьля бальшавіцкага перавароту, калі іх ганялі ў вабоз. 707. Лепі старожа, як варожа. Прыказка дбайнага селяніна аб тым, што лепей страціць час на вартаваньне сваёй гаспадаркі, чымся спадзявацца нашчасьце ды дапусьціцца, каб зладзеі абакралі. 708. Лепі сьміяцца, як плакаць. Прыказвае той, каго лаюць за сьмех. 709. Лепі ўваліся ў карыта — ніхай цябе сьвіньня зьядуць. Прыказваюць таму, якога ўвачавідкі ашукваюць, зьневажаюць, высьмейваюць, а ён папускаецца ды маўчыць. 710. Лета зьбірая, а зіма прайідая. Летам зарыхтоўваецца жыўнасьць, а зімой зьядаецца. 711. Лета працуе на зіму, а зіма на лета. Летам прыгатаўляюць харчы для зімы, а зімой снасьць для летняй працы. 712. Лета сварлівая, а зіма журлівая. Летам сварацца з суседзямі за зробленую жывёлай шкоду, а зімой сядзяць у хатах і журацца на сьцюжу, на недахопы
11 👁