Прыказкі Лагойшчыны (1966). А. Варлыга

 ◀  / 133  ▶ 
Купіць ні купіць, а патаргаваць можна. Прыказвае той, хто прабуе свайго шчасьця ў нейкім прадпрыемстве. 684. Куры, сьвіньня вон: машыраваць пайду. Прыказваюць, калі няпрошаны госьць запанаваў у хаце гаспадара. Прыказка паходзіць ад таго, што даўней маскалі вайскоўцы стаялі ў вёсках на пастоі. Л 685. Лазовую літанію адпраўляць. Прыказваюць, калі нехта бяз упынку лаецца й кляне. 686. Лапамі араць. Калі нехта не даецца ўгаварыць, не згаджаецца:«Яго ўгаварваюць, а ён лапамі арэ.» 687. Лапці лазовыя піраносюць боты казловыя. 1. Аб трываласьці сялянскага роду, што перажывае арыстакратаў (якія насілі казловыя боты). 2. Якія-б ня трывалы ні быў лазовы лапаць, ды ён трывалей за казловы бот. 688. Ласкавая цілятка дзьве маткі сьсе. Гэтак навучаюць дзяцей і падлеткаў, каб яны ня былі ўпартымі й брутальнымі, але ветлівымі й паслушнымі, бо толькі тады будуць іх хваліць і дапамагаць ім. 689. Ласка ні каляска — сеўшы ні паедзіш. Гэтак высьмейваюць таго,хто некаму дагаджае толькі за ласку. 690. Лата на лаця — пасунься паня браця. Беднага ў латанай вопратцы чалавека й родны брат просіць адсунуцца да парога. 691. Лахі пад пахі. Прыказваюць на валачашчага чалавека або на таго, каго праганяюць з дому, ці хто самавольна пакідае дом. 692. Ледзь за вочы ні ўхапіў. Прыказваюць, калі нехта пры спатканьні раптам пачынае лаяць. 693. Лезя, як жаба на купіну. Прыказваюць, калі не паважны чалавек імкнецца ў кампанію паважнейшых. 694. Лезя, як муха ў смалу. Калі неразважлівы лезе туды, дзе можа быць яму пагібель. 695. Лепі ашукацца на грашах, як на куплінай рэчы. Лепей за добрую рэч пераплаціць, чымся купіць тайную, але дрэнную рэч Прыказвае той, хто купіў нешта мо'й танна, але, як аказалася, малавартаснае. 696. Лепі даваць, як прасіць. Прыказвае гаспадыня, калі на яе сварацца,што яна заміж старца, надарыла гультая. 697. Лепі доўгі голад, як кароткі. Лепш даўжэй недаядаць, чымся дапусьціцца да таго, каб зусім ня было чаго есьці. Прыказваюць бедныя, ашчадныя гаспадары, калі іхныя дзеці крыўдзяцца, што харчаваньне недастатковае
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

мой
11 👁
 ◀  / 133  ▶