Прыказкі Лагойшчыны (1966). А. Варлыга

 ◀  / 133  ▶ 
I вухом ні вядзе. Прыказваецца аб упартым, які ня хоча слухаць добрай рады. «Колькі мы ні прыказвалі сваёй дзяўчыне, каб йіна біз патрэбы ў вёсцы па хатах ні хадзіла, а йіна й вухом ні вядзе, як хадзіла, такі ходзя». 506. Ігрушка — мінушка, летца мінецца.. а ў вочы трэба глядзецца. За малаважную прычыну ня варта ніколі звадкі рабіць, бо малая крыўда скора забудзецца, а толькі будзе сорамна спатыкацца з чалавекам, зь якім апастыліўся. 507. I гэта хлеб. Прыказвае той, хто мае хоць малы, але пэўны прыбытак. 508. I да мяса трэба закраса. I добрае трэба паляпшаць, удасканальваць. 509. Ідзе проці веку. Кажуць аб тым, хто ўбіраецца ў сілу й розум. 510. Ідзе, як вада. Гэтак адклікаюцца аб добрым работніку, што знаходзеў хаце сабе работу й хутка яе выконвае. 511. Ідзе, як тры дні ня еўшы. Аб тым, хто ідзе марудна. 512. Ідзі ты ў катнія рукі. Выказваюць на таго, хто пакідае родную хату супроць волі бацькоў ці старэйшых. 513. I за шчэпку знайдзіцца прычэпка. Калі ёсьць ахвотнік да звадкі,дык ён прычэпіцца й за драбніцу. 514. I злосьніку свайму закажу. Прыказвае той, хто зрабіў нейкую вялікую памылку ў жыцьці й ад гэтай памылкі будзе перасьцерагаць ня толькі сваіх прыяцеляў, але навет і сваіх ворагаў. 515. I крошачкі пабраў. Прыказваецца, калі дзіця вельмі падобнае да бацькоў і выглядам, і з натуры. «Якраз як бацька — і крошачкі пабраў!» 516. I лапкамі накрыўся. Прыказваюць, калі нехта завінаваціўся, а посьля ўхіляецца й гутарку аб сваім даўгу заводзіць. «У мяне сусед пазычыў грошы дый лапкамі накрыўся». 517. Ільля нарабіла гнільля. Сьвята Ільля прыпадае 20 ліпеня. Гэтым часам часта ідзе дождж, дык сена й снапы гніюць. 518. I людзей паглядзець, і сябе паказаць. Прыказвае жартам кірмашнік, калі ў яго пытаюць, чаго ён ідзе на кірмаш. 519. I марац мацая за паліц. Сялянская прыказка аб сакавіковых марозах. 520. I мядзьведзя-ж вучуць. Прыказваюць таму, хто адмаўляецца вучыцца, бо быццам гэтай навукі ён ня зможа ўцяміць. 521. I рыбкі ні хачу, і лыдкі ні мачу. Прыказвае той, хто адмаўляецца хоць і ад прыбытковай, але турботнай і небясьпечнай для здароўя работы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
9 👁
 ◀  / 133  ▶