Добрая знаходка тапор за лавай. Калі нехта хваліцца, што знайшоў рэч, якую гаспадар паклаў на сваім месцы.
Добрая слава дома ляжыць, а благая далёка бяжыць. Слава пра добрыя паводзіны гэтак далёка не разыходзіцца, як пра паводзіны благія.
Добры дзень вам! — Ці рады вы нам? Прывітваюцца жартаўліва неспадзяваныя госьці.
Добры сябра таго ні дасьць, што благая зямелька. Сялянская прыказка аб благой зямлі. якая хоць і скупа родзіць, але з году ў год жывіць, чаго й найлепшы сябра ня зробіць.
Дождж ідзе — грыбы будуць. Дзеўкі растуць — бабы будуць. Гэтак жартуюць, калі нарасьце шмат маладых дзяўчат.
Долках сядзь, і на зямлі ногі пастаўляй. Жартам прыказваюць таму, хто ня мае дзе сесьці.
Доля мая чубатая — ніхто мяне ні сватая! Жартам прыказвае тая дзяўчына, якой замуж не бяруць.
Дорага лыжка да абеду. Прыказвае той, які можа й пераплаціў зарэч, безь якой ня мог абыйсьціся.
Дорага ня тое, што ў год, алі тоя, што ў рот. 1. Прыказвае той, хто прадае ўборы, ці іншыя дарагія рэчы, каб купіць харчоў. 2. Прыказвае той, хто пераплачвае за хлеб, пі за іншыя рэчы, якія вельмі патрэбныя.
Дося блазнаваць, калі сталі й дзеці ўзнаваць. Ня трэба вясьці пустой, няпрыстойнай гутаркі ў прысутнасьці дзяцей.
Доўг ня грэя. Селянін і ў пякучай патрэбе ня хоча залазіць у даўгі, а калі задаўжыўся — стараецца хутка яго вярнуць.
Доўгі язык мая. Прыказваюць аб тым, хто ня можа трымаць сакрэтаў.
Доўгі, як жыдоўскі пачакай. Ад жыда-гандляра часта доўга трэба чакаць заплаты-доўгу.
Доўгія рукі мая. Аб тым, хто любе хоць што ўкрасьці.
Дуб, дуб, — дай шлюб! Жартаўлівая гіронія да тых, што жывуць бяз шлюбу, — быццам шлюб даваў ім дуб у лесе.
Дудар дудару дарма йграя. Калі людзі аднаго рамясла адзін другому дапамагаюць.
Дурань дурня зная, дурань дурня й чапая. Прыказваюць таму, хто зь недарэчным у жарты ўступае.
Дурноя сяло. Прыказваюць на асобу, якая нешта недарэчнае зробе ці скажа.
Дурны, як рускі бот. Прыказваюць на няцямкага ўбоістага чалавека.
101 👁