Дзядзька ні бацька, а цётка ні матка. Блізкія й найлепшыя сваякі ня могуць дзіцяці замяніць бацькі й маткі. 356. Дзяды вадзіць. Гэтэк прыказваюць, калі сваякі, суседзі й прыяцелі балююць па чарзе то ў ваднаго, то ў другога. 357. Дзяды ня мелі бяды, а ўнукі набраліся мукі. Прыказка бадай што гістарычная, з думкаю, што калі край быў вольны, дык дзяды жылі безь бяды, а ўнукі пад чужынцамі мучыліся і мучацца. 358. Дзякуй! — Выбачай! — Алі болі ні дакучай! Прыказваюць, калі частуюць няпрошаных, ці нямілых гасьцей. Госьць дзякуе за пачостку, гаспадар для ветлівасьці перапрашае «Выбачай!», але ў думках дадае: «Алі болі ні дакучай!». 359. Дзякуй за абед, што наеўся дармаед. Жартам прыказвае гэтак госьць, калі дзякуе гаспадару за абед. 360. Дзякуй за полудзінь: ні сыт, ні голадзін. Гэтак, жартуючы, прыказвае гаспадар, калі госьць дзякуе за пачостку, а разам і перапрашае, што скромна частаваў. 361. Дзякуям ні адбыць — трэба заплаціць. 1. Прыказвае госьць і гэтым нібы запрашае гаспадароў даведацца да яго на пачостку. 2. Гэтак прыказвае гаспадар публічнага харчаваньня, калі знаёмы наведальнік хоча адбыць самым «дзякуям» за абед. 362. Дзяры лазу, калі дзярэцца. Работу трэба рабіць тады, калі на яе адпаведны час. 363. Дзяры лазу — я цябе зьвяжу. Калі дэспатычны загад мае яўную мэту горш яшчэ паняволіць яго выканаўцаў. Гэта тое самае, што й каваць для самога сябе кайданы. 364. Дзярэцца — на новая спадзяецца. Калі адзежына пачынае дзерціся, дык гэта знак, што трэба парупіцца пра новую. 365. Дзяціны хлеб горак. Прыказваюць старыя бацькі, якіх часам крыўдзяць іхныя дзеці. 366. Добра ў людзях, алі цяжка ў грудзях. 1. Аб тым, што хоць і добра часам жыць у чужым краі між чужых людзей у выгодзе, але ў грудзях баліць з нуды па родным краі. 2. Прыказваюць гэтак, калі на заработках добра зарабляецца, але ад цяжкой працы баляць грудзі. 3. Гэтак прыказвае нявестка, калі пайшла замуж у добрую хату, але ей там цяжка жыць, бо трэба кажнаму дагаджаць і за крыўду змаўчаць. 367. Добраму чалавечку добра й у запечку, а благой благаце брыдка й на куце. Заслужаны й паважаны чалавек свае павагі й славы ня траце й на другарадным месцы. 368. Добрая далёка чуваць, а благоя яшчэ далей. Напамінак маладым,каб яны ўстрымліваліся ад благіх паводзінаў і шанавалі сваю добрую славу
Дадатковыя словы
грўдзях
13 👁