Дзе баліць, там і лучаіцца. 1. Бывае часта, што ўдараць ізноў раней пашкоджанае месца на целе. 2. Калі аднаўляюцца мінулыя, яшчэ незаспакоеныя беды й балючыя перажываньні. 326. Дзе гэта чута? Дзе гэта відана? Гэтак запярэчваюць апавядальніку,калі маюць сумліў у праўдзе ягонага апавяданьня. 327. Дзе дзень, дзе ноч — і тыдзінь проч. Аб валачашчы ад чалавеку, які жыве без ані якое мэты, абы пражыць. 328. Дзе добрыя дочкі дзяюцца, а дзе благія нявесткі бяруцца? Гэтак разважае той, хто чуе, што кажная матка хвале сваю дачку, што па дабраце няма ёй раўні ў сьвеце. Калі-ж гэтая самая дзяўчына выйдзе замуж, дык сьвякроў яе гане, што гэткай благой няма другой у сьвеце. 329. Дзе каму баліць, там той і студзя. Кажны мае свае беды й клопатый стараецца іх залагоджваць. 330. Дзе кінь — там клін, дзе пала — там прапала. Напамін, каб рупіліся аб сваёй маёмасьці ці гаспадарцы, бо калі здаць пад нагляд іншых —будзе ўбываць або й зусім прападзе. 331. Дзе коратка, там і рвецца. Калі тое ў гаспадарцы прападае, чаго й так не хапала. 332. Дзе любюць, дык і туды ні ўчашчай, а дзе ня любюць, дык там і нагой ні бывай. Навука бацькоў сваім дзецям, каб зачаста ня бывалі там, дзе іх любяць, бо надакучаць і там. 333. Дзеля аднаго жыда кірмаш будзя. Прыказвае селянін, калі паляніцца пайсьці ў воласьць на сходку. 334. Дзеля аднаго салдата ня будзя войска шчарбата. Прыказваюць, каліЎ гаспадара просяць таго, чаго ён шмат мае. Калі ў яго драбніцу ўзяць, ад гэтага убытку ў гаспадарцы ня будзе 335. Дзеля дружбы й цыган вешаўся. Жартуюць з таго дзяцюка, які на кірмашы палез бараніць свайго сябру й сам дастаў па карку. 336. Дзе маё ні прапала. Прыказвае той, хто нейкую невялікую рэч адступае другому. Прыказвае й той, хто мае нейкую невялікую страту ў гаспадарцы. 337. Дзе мы жывём, там пуга з вузлом. Прыказвае той, каму дрэнна жывецца. 338. Дзе начуя, там ня днуя. Аб валачашчым чалавеку. 339. Дзе няняк многа, там дзіця бязнога. Аб гаспадарцы, дзе шмат работнікаў, але няма парадку, бо кажны спадзяецца, што нехта іншы зробе, а работа застаецца ня зробленай. 340. Дзе піва п'юць, там і разьліваюць. 1. Калі пры пачостцы разьліваецца пітво. 2. Прыказваюць, калі пры разьдзеле нейкай маёмасьці здараецца невялікі ўбытак
Дадатковыя словы
пюць
6 👁