Прыказкі Лагойшчыны (1966). А. Варлыга

 ◀  / 133  ▶ 
Дар за дар. За зробленае дабро трэба адплаціцца дабром, або — за прычыненае ліха ліхам. 308. Дар за дар, а дарма нічога. Адплата строга па заслугах. 309. Дарма й каза ваўку ні скача. Калі каза ваўку паскача, дык воўк яе зьесьць. Прыказваюць таму, хто за зробленае дабро адплачвае злом свайму дабрадзею. 310. Дарога ня сьпіць. Прыказваюць таму, хто баіцца ночы адзін ехаць, ці йці ў дарогу, бо-ж на дарозе заўсёды знойдуцца падарожныя. 311. Дасьць Бог дзень, дасьць і пажытак. Для развагі таго, хто бядуе, як ён будзе жыць. калі пастарэе. 312. Дасьць Бог доньку, дасьць Бог і дольку. Прыказваюць бацьком, якія наракаюць, што ў іх родзяцца дочкі, а не сыны. 313. Датуль маці міла, пакуль пяты мыла. Упікаюць дзецям, якія ня хочуць дапамагаць старым бацьком. 314. Даў-бы шэліг на малебін, дык самому патрэбін. I на добрую справу ня можна аддаць таго, што пільна патрэбна сабе. 315. Даў лататы. Уцёк. 316. Даў рады. Справіўся з работай ці заданьнем. 317. Даў таўкача. Прыказваюць таму, хто стаўся пераможцам, для прыкладу: калі маладзейшы брат перш школу кончыў за старэйшага, ці калі перш ажаніўся або калі маладзейшая сястра перш замуж зышла. 318. Даў у пяту. Калі нехта павярнуў назад у гутарцы, чынах, палітыцы. 319. Даў цягу. Пусьціўся ўцякаць. 320. Два вякі жыць ня будзім. Гэтак напамінаюць старому чалавеку, які зьбірае вялікія запасы. 321. Два гады ні вячэрай, дык на трэці хлеба застанецца. Гэтак жартуюць з таго, хто позьніцца на вячэру ды ня еўшы спаць кладзецца. 322. Два каты на адным саля ня тоўпюцца. Прыказваюць, калі два гаспадары жывуць на аднэй гаспадарцы або два зайздрывыя ўрадоўцы абслугоўваюць адну грамаду людзей. 323. Двор па бор, вароты па балота. Аб нядбайным гаспадары, якога панадворак не абгароджаны ды зямля ляжыць дзірваном па самы бор, няма ніякіх варотаў і варотамі балота, бо празь яго не пераедзеш. 324. Дзе ахвота, там і работа. Толькі тая работа вартасная й спорная,што выконваецца пры сваёй ахвоце
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
7 👁
 ◀  / 133  ▶