Глухі нідачуя, дык прыложа. Прыказваюць таму, хто добра не дачуў і пераблытаў сказаньне, ці зьмяніў сэнс сказанай навіны.
Глухому два здаецца. Прыказваюць, калі нехта недачуў і перапытвае.
Гоінай раны ня трэба квяліць. Ня трэба ўспамінаць перажытай крыўды ці пакуты.
Голад і крадзе, і маніць. Голад папіхае чалавека да розных злачынстваў.
Голад ня цётка. Прыказвае галодны, калі есьць і ня вельмі ласую страву.
Голаму разбой ні страшан. На голага ніхто нападаць ня будзе, бо ў яго няма чаго адбіраць.
Голы зьбірайся, а голы гатоў. Прыказваюць аб бедным, у каго няма чаго зьбіраць у дарогу.
Голы як бізун. Аб зусім бедным, што навет і з адзежы мае толькі тое, што на ім.
Голы, як ясік. Аб бедным чалавеку, які ня мае ніякай гаспадаркі.
Гора вытрываіш, а роскашы не. Аб тым, хто жывучы ў роскашы праз распусту бяду нажыў.
Гора плача і скача. Прыказваюць, калі часам чалавек у горы пробуе загульваць.
Горка рэдзька ды ядуць, ліха замужам ды йдуць. Прыказваюць жанчыне. калі тая крыўдзіцца, што замужам блага.
Госьць мілы й хлеба шкода. Аб скупым гаспадары.
Госьць — нявольнік. Прыказвае гаспадыня, калі панукае гасьця выпіць ці зьесьці.
Госьць першы дзень золата, другі дзень срэбра, а трэці — медзь, і дамоў едзь. Доўгія госьці непажаданыя.
Госьць, як і рыба, на трэці дзень сьмярдзіць. Калі ў гасьцях — не чакай трэйцяга дня.
Граза ў лес ня йдзе. Пры выхаваньні дзяцей пагроза дае пажаданыя вынікі.
Гразь, гразь! Чаму ні гарыш? — Бо мокрая! Аб тым, што незаслужана сябе расхвальвае, або так дрэнна сябе паводзе, што навет гразь на ягоным месцы гарэла-б ад стыду, калі-б ня была мокрая. Ён-жа паставіў сябе ніжэй гразі.
Грозін рак, ды ззаду вочы. Прыказваюць, калі слабы пагражае дужаму.
Грызе прыступаючы. Калі нехта дакарае бяз упынку й лаецца.
95 👁