Адрыгнуцца ваўку авяччы сьлёзы. Прыйдзе час, калі й дэспаты будуць пакараны за свае злачынствы. 59. Ад работы і коні дохнуць. Гэтак прыказвае гультай, калі яго прымушаюць да работы. 60. Ад роднага таткі дорагі й латкі. Ня толькі тая спадчына дарагая ад блізкога чалавека, якая мае матар'яльную каштоўнасьць, але яшчэ даражэйшаю можа быць тая, што хавае ў сабе дарагі ўспамін аб блізкой асобе. 61. Ад сьмерці рук ні падложыш. Гэтак разважаюць таго чалавека, у каго памерла блізкая асоба. 62. Ад сьніткі ногі як ніткі. Гэтак прыказвалі даўней, калі раньняй вясной варылі мяцьва з травы сьніткі, зь якога целу ня было пажытку. 63. Ад таго мы пагалелі, што соладка пілі й елі. Часта людзей да беднасьці прыводзіць п'янства й смачная ежа. 64. Ад хатняга злодзія ні ўсьціражэшся. Прыказваецца тады, калі нехта жыве з злодзеям. 65. Ад цяплосьці ні баляць косьці. Прыказваюць найчасьцей старыя, калі маладыя ім прытыкаюць, што духата ў хаце, або калі стары надта цёпла адзеўся. 66. А ён будзя казаць. "Чаму ты, Бронька, у калгас ня йдзеш? — запытаўся камсамолец. А Бронька будзе казаць: — Я лепі ў возеры ваду замучу (знача — утаплюся), як у калгас іці». 67. А ён свае права правя. Прыказваюць, калі нехта ня слухае ні заўвагаў, ні перасьцярогаў, а робе тое самае, што й рабіў. 68. Ай, Гвалт! Жыды М эндаля б'юць! Гэтак усклікаюць, калі пачуюць нязвычайную сьмешную навіну. 69. Аж вочы на лоб лезуць. Прыказваецца пры падыманьні нечага цяжкога. 70. Аж вушы вянуць. Прыказваюць, калі нехта пры грамадзе бяз сораму выказвае брыдотныя словы, а таксама калі чуецца дакучлівы плач. 71. Аж зімля стогня. Прыказваюць пры гарматняй страляніне ці грымотах. 72. А касьнік вісіць? А дзяцюк глядзіць? Гэтак жартуюць, калі дзяўчына доўга прыбіраецца перад люстэркам. 73. Але! Паехаў на вале. Гэтак жыхары нашай ваколіцы прыказваюць жыхаром суседняй Гаенскай ваколіцы, калі пачуюць, што тыя патакаюць словам «Але!», бо ў нашай ваколіцы патакаюць словам «Ага
Дадатковыя словы
бюць, матаряльную, пянства
8 👁