ПРЫКАЗКІ, ПРЫМ АЎКІ, ВЫКАЗЫ А 1. Абадранцы пусьціліся ў танцы. У простым сэньсе гэтак прыказваюць тым, што ў непрызваітым выглядзе выступаюць перад людзьмі. Гэтак-жа прыказваюць людзям, якія бяруцца за справу, да якое непадрыхтаваныя й няздольныя. 2. Аб воўну памоўка, а воўк тут. Прыказваюць, калі ў гутарцы некага ўспамінаюць, а ён у гэты час зьяўляецца. 3. Абедаў, абедаў, а жывот ня ведаў. 1) Гэтымі словамі гаспадары перапрашаюць гасьця ці робяць яму вымову, што ён хоць доўга сядзеў за сталом пры ядзе, а страва ўся цэлая. 2) Гэтымі словамі работнік наракае на гаспадара, калі ён хоць і доўга сядзеў за сталом пры абедзе, але галодны,бо ежа была або няпрыгодная, або яе было мала. 4. Абіваць парогі. Часта да некага хадзіць і надакучаць гаспадару. 5. Абіцаная шапка на вушы ня лезя. Гэтак упікаюць таму, які шмат абяцаў за аказаную дапамогу, але нічога ня даў. 6. Абіцанка-цацанка, а дурному радасьць. 1) Гэтак высьмейваюць паслухмянага, наіўнага чалавека, што вера абяцанкам ліхвяра-ашуканца. 2) Гэтак прыказвае ашуканы чалавек, калі ашуканец не аддае, што вінаваты, а цеша абяцанкамі. 7. Аблізаў таўкач. Гэтак высьмейваюць таго дзяцюка, які езьдзіў да дзеўкі ў сваты, ды дзеўка адмовілася выйсьці за яго замуж. 8. Або іграй, або грошы аддай. Гэткія патрабаваньні ставяць да таго, хто ўзяў наперад плату, ды ня хоча выконваць умоўленай работы. 9. Або пан, або прапаў. Гэтак прыказвае той, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну. Калі чын удасца, дык будзе ў павазе, славе й багацьці: будзе панам, а калі ня ўдасца, дык загіне, прападзе. 10. Або сена клок, або вілкамі ў бок. Тут у простым сэньсе гаворыцца аб быку. Гэтак прыказваюць таму, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну з малой выгранкай. 11. Абоя — рабоя. Гэтымі словамі робяць параўнаньне, калі абое роўныя, адзін варты другога. 12. А братачка мой, зьела сучка лой. Жартаўлівая гульня словаў. Гэтак прыказваюць, каб перабіць пустую гутарку. 13. Аб свайго гаварыць — галава баліць. Гэтак наракае той, хто мае блізкіх з радні людзей, якія дрэнна сябе паводзяць і гэтым зьнеслаўляюць усю радню
22 👁