Прыказкі й асаблівыя выказы з Лагойшчыны ў М еншчыне (Уводнае слова) Гэты зборнік народных прыказак паўстаў як-бы выпадкова. Праўда, укладальнік ужо ў далёкія мінулыя гады зьвяртаў увагу на нашы сялянскія сьціплыя прыказкі, дзе колькімі спрытнымі словамі выказваецца глыбокая думка. У гады маленства й юнацтва даводзілася чуць ад старэйшых людзей нашай вёскі, а найболей ад бацькоў, шмат прыказак. Бацька перад паважнай прыказкай часта прымаўляў: «Ня дурань здумаў прыказку». Але навет у міжваенныя гады зьбіральнік яшчэ ня думаў аб запісваньні пачутага, бо ўважаў, што гэта справа этнографаў. І гэткім чынам шмат прыказак і прымавак, што ён чуў у сваёй маладосьці, з гадамі зьнікла з памяці бязь сьледу. Склалася гэтак, што ў першае паваеннае лета, у 1945 годзе, ня было ніякіх заняткаў ні працы, дык знашлося шмат вольнага часу на ўспаміны пра маленства, пра блізкіх ды родных. Тады, вось, стала ўсплываць у памяці й іхная гутарка з прыказкамі й прымаўкамі. Тады зьявілася й думка запісваць прыказкі для самога сябе. За тое лета прыказак сабралася колькі сотак. Але й у далейшыя часы дзень-ададня, год-ад-году лік прыказак рос і рос. I гэткім чынам за год дзесяць назьбіралася іх болей за паўтары тысячы. Пазьней, перачытваючы й спраўджаючы запісанае, у зьбіральніка зьявіўся сумлеў: Ці будзе зразумелым сэнс гэтых прыказак іншым асобам, калі яны прачытаюць іх адарвана ад жывой гутаркі? I, вось, тады прышло на думку, каб да кажнай прыказкі даць кароткае паясьненьне, ці запісаць, пры якіх выпадках яе ўжываюць, або ўспомніць тую байку-жарт, зь якой яна выводзіцца. Вось, гэткім чынам і склаўся гэты сьціплы зборнік прыказак, які тут і маем. Адам Варлыга
20 👁