Ш 1595. Шалы да дабра ні давядуць. Перасьцярога дзецям ці падлеткам, каб у вялікія жарты не заходзілі, бо часта яны канчаюцца сьлязьмі. 1596. Шанаваць, як бруд на шчэпках. Аб благім чалавеку, якога трэба шанаваць не дзеля таго, што ён заслужыў на пашану, а за тое, каб ён прыкрасьці не нарабіў. 1597. Шануй адзежу дома, а адзежка цябе ў людзях зашануя. Гэтак старэйшыя навучаюць дзяцей і моладзь, каб яны рупіліся аб сваей адзежы,бо калі адзежа будзе выглядаць прыстойна, дык і самую асобу будуць шанаваць, як паважнага чалавека. 1598. Шастом галавы ні дастаць. Аб ханабэрыстым чалавеку, які высака трымае галаву. 1599. Шкадліваму кату хвост уцінаюць. Прыказваюць, калі пакараюць зорадлівага чалавека. 1600. Шкадуя, як стары конь маціры. Прыказваецца, калі нейкі бяссумленны прайдзісьвет гавора, што ён некага пашкадаваў ашукаць. 1601. Шмат у мора вады ўвойдзя (пакуль гэта будзя). Калі нехта на далёкія часы складае няжыцьцёвыя пляны. 1602. Шопаты хату губюць. Жартуюць, калі ў хаце прыхіляць галовы ды перашэптваюцца, быццам нейкую змову робяць супроць хатняга ладу. 1603. Што будзя міру, тоя й бабінаму сыну. Аб тым, хто найменш дбае пра нейкую грамадзкую небясьпеку. 1604. Што вінін, дык аддаць павінін. Прыказка пры спрэчках за даўгі. 1605. Што дзень, дык кудзель, а ў суботу дзьве. Жартуюць з таго, хто хваліцца, што шмат работы робе. З казкі: Дзеўка хвалілася дзяцюку, што шмат кудзелі спрадае: — «Што дзень, дык кудзель, а ў суботу дзьве». Калі дзеўка нейдзе адышлася, дзяцюк узяў ейныя ключы ад кубла ды схаваў у прасьніцы за кудзелю. Калі дзяцюк ізноў прышоў праз тры тыдні,дык дзеўка пачала наракаць, што ейныя ключы ад кубла прапалі тады, як гэты дзяцюк у яе быў. Тады дзяцюк залажыў руку ў кудзелю за прасьніцу, выняў тыя ключы ды аддаў дзеўцы. 1606. Што галава, то й розум. У дурной галаве дурны й розум. Прыказваюць таму, хто нейкую дурасьць скажа ці зробе. 1607. Што год, дык удод. Гэтак жартуюць, калі ў нейкай сям'і часта дзеці родзяцца
Дадатковыя словы
збрадлівага, сямі
5 👁