Прыказкі Лагойшчыны (1966). А. Варлыга

 ◀  / 133  ▶ 
скардзілася сваей матцы з плачам, што яе хлопцы крыўдзяць. А маці адказала: — «Хто любіцца, той чубіцца!» — быццам хлопцы яе б'юць зь любасьці. Назаўтра вечарам дзяўчына прышла дамоў сьмяючыся й кажа матцы: — «Мама, мама! Вось мяне хлопцы любяць, бо як выйду на вуліцу, дык за кулакамі сьвету ня віджу». 1497. Хто лусту нося, той есьці ня прося. Гэтак бацькі заахвочвалі дзяцей, каб бралі з сабой хлеб, ідучы ў поле на работу. 1498. Хто мала мая, той мала й дбая. У каго малая гаспадарка, у таго й клопаты меншыя каля яе. 1499. Хто мажа, той і едзя. Хто падкуплівае ўрадоўцаў ці суд, той і справу выйгрывае. 1500. Хто ні радзіўся, той ні памрэ. Прыказваюць на хаўтурох, каб пацешыць таго, хто плача па нябожчыку. 1501. Хто ні цягне, таго выпрагаюць. Благога работніка доўга ня трымаюць. 1502. Хто ня ўмее араці, таму хлеба ні даці. Хто на хлеб не зарабіў, таго й ня кормяць хлебам. 1503. Хто па абедзя аддыхая, Бог думая, што сьвіньня здыхая. Высьмейваньне гультая, што толькі есьць ды сьпіць. 1504. Хто па абедзя аддыша, таго Бог за сьвіньню запіша. Як і папярэдняя — насьмешка над гультаём. 1505. Хто парася ўкраў, таму ўвушшу пішчыць. Калі баязьлівы зрабіў нейкі праступак, дык яму здаецца, што ўжо ўсе гэта ведаюць. 1506. Хто позна ходзя, той сам сабе шкодзя. 1. Аб тым, хто спазьніўся на вячэру. 2. Аб дзяўчыне, якая позна ходзе па вуліцы, бо людзі будуць аб ёй дрэнна адзывацца. 1507. Хто пойдзя нацянькі, дык праходзя тры дзянькі. Крывая абходная, але пэўная дарога, лепшая за простую карацейшую, але няпэўную, зь якое лёгка зьбіцца й заблудзіць. 1508. Хто поля троя, той хлеб кроя. Хто добра абрабляе поле, у таго парасьце добрае жыта, і ён будзе мець хлеб — будзе што кроіць. 1509. Хто пытая, той ня блудзя. Напаміны маладым людзям, якія ня маюць жыцьцёвай практыкі, каб яны слухалі парады старэйшых. 1510. Хто рана ўстае, таму Бог дае. Калі рупны чалавек устае рана, дык зробе шмат работы й будзе мець болей усяго. А ўсё, што чалавек мае, уважаецца за дадзенае Богам. 1511. Хто сам такі — на другога кладзе знакі. 1. Калі хто сам мае зладзейскую натуру, той знача свае рэчы, каб ня ўкралі, бо думае, што ўсе гэткія-ж зладзеі, як і ён сам. 2. Калі нехта сам мае ганебныя налогі, дык ён думае, што й усе людзі маюць тыя самыя заганы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

бюць
7 👁
 ◀  / 133  ▶