Халадно надзеўшы адно. Адна адзежына, хоць і цёплая, але на вялікім марозе не сагрэе. 1446. Хатняя думка ў дарозя ніпрыгодна. Дарожныя выпадкі й прыгоды могуць зьмяніць тыя пляны, што зробленыя дома. 1447. Хату мяці, алі на вуліцу сьміцьця ні нясі. Калі ў хаце трэба навесьці лад і парадак, дык часамі даводзіцца й пасварыцца, але ніколі хатняй сваркі ня можна выносіць на вуліцу, каб людзі аб гэтым гаварылі. 1448. Хвароба ні дадае аздобы. Па выглядзе твару можна заўважыць, што чалавек хворы. 1449. Хвароба ўзвальваіцца пудамі, а выходзя залатнікамі. Хвароба надыходзіць раптам, а выходзіць вельмі павольна. 1450. Хвіліна, чуй дух. Высьмейваюць гэтак таго, хто крыкам і пагрозамі хоча застрашыць іншых, каб яго баяліся. 1451. Хітра бабка, дый сабе, зьела капіку, дый скрабе. Калі нехта скарыстаў сабе маемасьць грамадзкага характару ды канцы пахаваў, каб і знаку не засталося. 1452. Хлеб кажа да гаспадара: Кінь стрэльбу й вуду, тады з табой буду. Калі гаспадар не працуе пільна на палявой рабоце, а ходзе із стрэльбай на паляваньні ды з вудай каля ракі, дык ад гэткага гаспадара й хлеб уцякае. 1453. Хлеб на стале, а рукі свае. Гэтак гаспадар запрашае да яды гасьцей, калі страва пастаўленая на стале, а госьці сядзяць, чакаючы на ўпросы. 1454. Хлеб, соль еш і праўду рэж. Прыказваюць да таго, каго хочуць пачастункамі падкупіць. Ад пачосткі ня трэба адмаўляцца, але й ад праўды не адступаць, а гаварыць заўсёды праўду. 1455. Хлеб траякі: белы, чорны й ніякі. Адказ беднага селяніна, калі ў яго пытаюцца, які ён хлеб есьць. Белы хлеб з чыстага, веенага жыта ён есьць на Вялікдзень і Дзяды. Чорны хлеб, з дамешанай мяккінай, бывае часамі. А найчасьцей — хлеб ніякі, гэта значыцца бяз хлеба. 1456. Хлеб трэба пакідаць к бабоваму цвэту. Прыказка бедных сялян,у якіх хлеба на ўвесь год нестае. Боб цьвіціць у пачатку ліпеня, калі стары хлеб канчаецца, а жыта на хлеб новы яшчэ не пасьпела. Тады самы галодны час. 1457. Хлопіц на кані едзя, а дзяўчына родзіцца й яму згодзіцца. Калі хлапец і старэйшы за дзяўчыну, гэта не перашкода для іхнага сужэнства. 1458. Ховай Божа! Кажуць пры адпіраньні, каб надаць павагі сваім словам. — «Ховай Божа! Я там ня быў
13 👁