Прыказкі і прымаўкі (1976). Кніга 1. М. Я. Грынблат

 ◀  / 560  ▶ 
цёвага вопыту, у той час як прымаўка выказвае думку няпоўна, не служыць абагульненнем з'явы, a толькі вобразна характарызуе яе, падкрэслівае якінебудзь характэрны яе штрых. Па азначэнню У. Даля, прымаўка — «абходны выраз, пераносная гаворка, просты іншасказ, намёк, спосаб выказвання, але без прытчы, без меркавання, заключэння, прымянення; гэта адна першая палавіна прыказкі» 14. Прыблізна такое акрэсленне прымаўкі захоўваецца да гэтага часу ў нашай фалькларыстыцы. Асноўнае, што падкрзсліваецца пры размежаванні прыказкі i прымаўкі, гэта тое, што апошняя з'яуляецца не закончанаи думкай, не закончаным, «не замкнутым» меркаваннем, a толькі часткай яго. Пры гэтым часта прыводзіцца прыклад, які зрабіўся ўжо класічным: «Чужымі рукамі жар заграбаць лёгка» — прыказка, бо яна пададзена як цэлае, самастойнае меркаванне i абагульненне; «Ён любіць чужымі рукамі жар заграбаць» — прымаўка, бо тут выраз — толькі частка меркавання пра канкрэтную асобу, пазбаўленая шырокага абагульняючага сэнсу 15. К. Крапіва, размяжоуваючы прыказку i прымаўку, прыводзіць іншы аналагічны прыклад: «Зяць любіць узяць» i «Наш зяць любіць узяць» i так яго каменціруе: «У першым выпадку... мы маем, на мой погляд, прыказку, a ў другім — прымаўку... Прыказка выводзіць правіла, якое пашырзецца на ўсе аналагічныя з'явы, прымаўка абмяжоўваецца толькі гэтаю канкрэтнаю з'яваю» 16. Ужо з гэтых прыведзеных азначэнняў вынікае, што няпоўнасць выразу не можа лічыцца асноўнай адметнай рысай прьшаўкі. Беларускі матэрыял дае шмат прыкладаў «поўных» i «замкнутых» устойлівых выразаў, якія выражаюць зусім завершаныя думкі i ў той жа час з'яўляюцца не прыказкамі, a прымаўкамі. Вось некалькі ix узораў, узятых з шырокай сферы сямейных адносін: Шумеў бы i я, калі б жонкі не баяўся; На гэты гнеў не раблёны хлеў, няма дзе заганяць; Будзе ў мяне ногі мыць, да ваду піць; Гнісь, кум, не гнісь, да каля кішэні павярнісь. У гэтых «мініяцюрах» відавочна не хапае таго, што дазволіла б лічыць ix прыказкамі,— перш за ўсё абагульнення пэўнай з'явы, вываду з жыццёвых назіранняу, павучання. У гэтым можна яшчэ больш пераканацца, калі супрацьпаставіць прыведзеным прымаўкам наступныя бясспрэчныя прыказкі з той жа тэматычнай групы пра сям'ю: Дзед а баба — адна рада; Мужык i жонка — найлепшая сполка. __________ 14 В. Даль. Пословицы русского народа, стар. 20. 15 В. Аникин Поговорка.— У кн.: Словарь литературоведческих терминов, стар. 272. 16 К. Крапiва. Беларускія прыказкі.— Зб. тв. у 4 т., т. 4. Мінск, 1963, стар. 226.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
71 👁
 ◀  / 560  ▶