Прыказкі і прымаўкі (1976). Кніга 1. М. Я. Грынблат

 ◀  / 560  ▶ 
Розніца паміж тымі i другімі відаць сама сабой. Але з прыкладаў відэць таксама, што прымаўкамі могуць быць i зусім закончаныя, «поўныя» выразы. Справа тут не ва ўсечанасці выразу, a ў дапасаванасці яго да адиаго канкрэтнага выпадку без абагульнення i пашырэння на іншыя аналагічныя сітуацыі. Такім чынам, прымаўкі — гэта тыя ж шырока ўжываемыя ўстойлівыя народныя выразы, якія вобразна i трапна характарызуюць тую або іншую г.адзею ці асобу, але толькі ў дадзеным канкрэтным выпадку без абагульненняў i вывадаў з іншых аналагічных сітуацый ці чалавечых паводзін. Да гэтага можна яшчэ дадаць, што прымаўцы ў большай меры, чым прыказцы, уласцівыя гумар, сатыра, i таму яна ў большасці сваёй жартаўлівая, дасціпная, асвечана мудрай усмешкай. Увогуле ж размежаванне прыказак i прымавак не мае амаль ніякага практычнага значэння, яно мае больш тэарэтычную цікавасць. Народ, як ужо адзначалася, не вылучае асобна прыказку i прымаўку. Таму i ў томе мы не дыферэнцыруем ix, а падаем разам. І прыказкі, i прымаўкі, таксама як i блізкія да ix народныя фразеала-. гізмы i выслоўі, узятыя ўсе разам, выяўляюць бліскучыя здольнасці народа да вобразнага мыслення, яго выключную назіральнасць, разважлівасць, высокія маральныя асновы, жыццёвы практыцызм i бязмежныя моўныя багацці. Цікавасць да беларускіх прыказак i прымавак з'явілася вельмі даўно. Пра тое сведчаць помнікі старажытнай беларускай літаратуры, у якіх захавалася нямала ўзораў гэтага жанру славеснай творчасці. Так, у вядомым помніку беларускай пісьменнасці XVI ст. «Допісы» аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага 1573—1574 гг. часта сустракаюцца беларускія прыказкі i прымаўкі (Ожогшися на молоце, велено на воду дуть) 17. Разам з паралелямі, што маюцца ў фальклорных зборніках, ix разглядае Я. Ф. Карскі 18. Прыказкі i прымаўкі мы знаходзім таксама ў помніках беларускай палітычнай сатыры XVII ст.— «Прамове Івана Мялешкі, кашталяна смаленскага» i «Лісце да Абуховіча» (Век веком сказываеть: сивизна в бороде и чорт в лидвях (клубах.— М. Г.) за поесом; Надувся в сенате, як петух галагуски) 19. Навуковыя публікацыі беларускіх прыказак i прымавак з'яўляюцца толькі ў пачатку 40-х гадоў XIX ст. __________ 17 Акты, относящиеся к истории Западной России, т. 3 СПб. 1848 стар. 164—173. 18 Гл.: Е. Ф. Карский. Белорусы, т. III, ч. 1. М., 1916, стар. 394—395. 19 Гл.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Склад. А. Ф. Коршунаў. Мінск, 1959, стар. 358-364.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
 ◀  / 560  ▶