2655. Мардва — тут: татары, іншаземныя захопнікі. Магчыма, не без уплыву дзеяслова мардаваць — мучыць. 2656, 2657. Погань, паганы — у сэнсе нехрысціянін або язычнік. Тут таксама, відаць, пра татар, а магчыма, маецца на ўвазе язычніцкая Літва (да XIII ст.). 2658. Вільня (зараз Вільнюс, Vilnius) была сталіцай Вялікага княства Літоўскага і мясцоваму селяніну ўяўлялася найвялікшым горадам, які будаваўся на працягу многіх стагоддзяў. У пераносным сэнсе прыказка азначае, што нічога адразу не робіцца, на ўсё патрэбен час. Пар. таксама рус.: Москва не сразу строилась; Москва создана веками (Даль, 330). 2659. З часоў, калі Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай (XVI — канец XVIII ст.). 2661. Кракаў XIV да канца XVI ст.— сталіца Польшчы. Гл. таксама заўв. 2658. 2662—2665. Батура — польскі кароль Стэфан Баторы (1533—1586), вядомы сваёй захватніцкай палітыкай у адносінах да Маскоўскай дзяржавы, войнамі. 2663. Гавораць пра вельмі старога чалавека. Цвечка — тут, відаць, лупцоўка (польск. ćwiczyć — лупцаваць); era — яго (польск. jego). 2664. Шэйну-вайну — відаць, памяць пра мужную абарону Смаленска 1609—1611 гг., якой кіраваў рускі ваявода М. Б. Шэін. 2665. Сас — маецца на ўвазе адзін з польскіх каралёў з саксонцаў, Аўгуст II (1697—1706, 1709—1733) ці Аўгуст III (1736—1763). 2667. Панятоўскі Станіслаў Аўгуст — апошні польскі кароль (1764—1795) перад раздзелам Рэчы Паспалітай. 2668. Пра багацце буйных феадалаў Беларусі з дынастыі магнатаў Пацаў (XVI — XVIII стст.). 2669—2671. Грыгоры, Грышачка — мяркуюць, што тут маецца на ўвазе Рыгор Загорскі, прызначаны полацкім уніяцкім архіепіскапам пад імем Германа II (гл.: Нос., 105; Карский Е. Ф. Белорусы, т. III, ч. 1, стар. 395—396). 2671. Наўрад ці мае дачыненне да папярэдніх дзвюх прымавак. Пра паходжанне прыказкі Чачот піша: «Адзін шляхціч з Навагрудчыны меў вазака, які любіў пад'язджаць шумна пад ганак... Можа гэта служыць перасцярогай розным Грышачкам, якія любяць фігураваць» (Czeczot, стар. 111—112). Паводле Шпілеўскага, гэта таксама насмешка з хвалька (Шпил., 186). 2672. З часоў гвалтоўнага насаджэння каталіцтва на Беларусі (XVII—XVIII стст.). Папеж — папа рымскі (польск. papież). 2673. Водгук на рэлігійную барацьбу часоў Рэчы Паспалітай. 2675. Цар Тронка — асоба, відаць, нерэальная, выдуманая. 2676—2681. Памяць пра казацтва на Беларусі (канец XVI—XVII ст.). 2683—2686. Падобныя прымаўкі Карскі (Белорусы, т. III, ч. 1, стар. 395) услед за Шпілеўскім аднёс да гістарычных, аднак, магчыма, што гэта звычайныя насмешкі-кпіны з іншых мясцовасцей, так вядомыя ў мінулым у народнай сатырычнай творчасці (гл., напр., 2754—2784). 2687. Смаргонская палітыка — трэба меркаваць, нязграбная, «мядзведжая» палітыка (у Смаргоні некалі існавала школа дрэсіроўкі мядзведзяў— «Смаргонская акадэмія»). 2688—2691. Народныя водгукі на падзелы Рэчы Паспалітай (1772—1795 гг.). 2689. Канстунацыя — скажона: канстытуцыя
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
90 👁