2432. Галер — слова, сэнс якога не высветлены; талер — сярэбраная манета, якая была пашырана на Беларусі да ўз'яднання яе з Расіяй. Быў роўны тром злотым, або 90 польскім грошам.
2433, 2434. Грыўня, грыўна — тут: дробная сярэбраная манета ў 10 капеек.
2440. Адпраў — тут, відаць: спрадвеку.
2443. Ад даўгоў чалавек збяднеў, ходзіць у лапцях або басанож.
2463. Цвякнуў — гаўкнуў. Тут у параўнальным сэнсе.
2491, 2492. Забароны-прыкметы.
2498. Пра вобразны змест наватвораў узяхам і аддахам гл.: Янк. М., 101—103.
2525. На святы Адам — тут: ніколі.
2532. Зарукі — залог, заклад пад доўг.
2544. Што дадзена на павер, за тым трэба хадзіць, каб вярнуць.
2550. Гаворыць таму, хто не вяртае доўг.
2558. Тлумач. збіральніка: «Калі ад штукі тканіны застаецца кавалак».
2571. Касцер — мятліца, пустазелле, што расце ў жыце.
2581. Смаляныя — тут: прыліпчывыя.
2584. Г. зн. не трывалае, можа расплысціся, як крэйда ў вадзе.
Рэкрутчына, салдатчына, войны.
Водгукі на гістарычныя падзеі
2585. Лавец — тут: той, хто лавіў хлопцаў, якія хаваліся ад рэкруцкага набору (пасада была ўведзена Пятром I у 1705 г. і існавала да 1874 г.).
2589. Уцёкі ў лес, хаванне ад рэкруцкага набору.
2590. Чырвоная шапка — адзнака салдацкай службы.
2592. Маскалі — салдаты царскай арміі.
2596. Гаварылі пра рэкрута, які рэдка вяртаўся дадому. Калі ж, праслужыўшы 25 год, вяртаўся дадому, ужо не знаходзіў сваёй радні. Радкі з рэкруцкай песні.
2599. Фрак — тут іронія, маецца на ўвазе сялянская світка.
2621. Вуланчык — паменш. ад улан, салдат-кавалерыст (татар. улан — хлопец).
2632. Правод — правадыр, камандзір.
2641. Гл. таксама тэкст VII, 145.
2642. У вайну разносіцца многа чутак.
2648. З падання пра паход Уладзіміра на радзімічаў: «Быў у яго ваявода Воўчы Хвост, і паслаў яго Уладзімір перад сабою, Воўчага Хваста; сустрэў радзімічы на рацэ Пішчане, і перамог радзімічаў Воўчы Хвост. Так Русь і дражніць радзімічаў...» (ПВЛ, I, 59).
2649. Тут, як меркаваў Карскі, магчыма ўказанне на князя Мсціслава Харобрага (Мсціслаў Уладзіміравіч, памёр у 1036 г.). Але, магчыма, гэта князь Мсціслаў Удалы (памёр у 1228 г.). Ад іх паходзіць і назва горада Мсціслава (зараз Магілёўскай вобл.). Гл.: Е. Ф. Карский. Белорусы, т. III, ч. 1, стар. 395.
2650—2655. Памяць пра набегі татар на Беларусь.
2650. Басурманы — першапачаткова проста іншаверцы, нехрысціяне, асабліва мусульмане; пазней — іншаземцы-захопнікі, ворагі.
76 👁