825—836. Адзначаецца, што малако і наогул малочная яда — «да парогу хада», г. зн. недастатковая для селяніна, занятага цяжкай фізічнай працай. Большая павага да масла, якое аднак, не часта бывала на сялянскім стале. 837—870. Спажыўнасць і смак варанай ежы, як адзначаюць прыказкі, дае толькі добрая прыправа, папраўка, затрава, заправа, прыкраса. Найлепшай прыправай былі свініна («сланіна») і сала. Толькі яны, лічыў народ, надаюць чалавеку сілу для цяжкай працы (асабліва касьбы). Аднак сланіна, наогул мяса і сала ў большасці дарэвалюцыйнага сялянства не маглі быць штодзённай ежай. Гэтыя прадукты, калі яны былі, выдаткоўвалі вельмі ашчадна, іх спажывалі пераважна ў святочныя дні, прыхоўвалі на час летніх палявых работ. У цяперашні час з ростам матэрыяльнага дабрабыту калгаснага сялянства карэнным чынам палепшылася яго харчаванне. З запісаў са Стаўбцоўскага р. апошніх год: «Цяпер не жадны салу. Бачыш, у вас на бяседзі ўсё стаіць: і сало, і мясо, і катлеты, а два талежыкі (сподачкі) капусты пашлі як за сябе. Ціпер вітаміны падавай, людзі разбірацца сталі» (Мяц., 310). На прыправы ішлі таксама здор — унутраное свіное сала, каўбасы, часам баранні або ялавіны лой, зрэдку гусіны шмалец. 837, 838. Патрава, патраўка — страва. 847в. Накрой — нарэж. 848. Лінінка — мяса рыбы ліня. 857. Пар. 729. 860. Насмешка з самахвала (заўв. збіральніка). 871—887. Пра людзей багатых, заможных, якія жылі ў поўным дастатку, і ежы не бракавала ў іх. 883. Цячэ, сцячэ, сцёк — аб харчовых прадуктах: дастатак. 887. Насовіч бачыць тут такі пераносны сэнс: пры добрым старанні або сродках поспех верны (Нос, 63). 888—932. Мара хоць раз наесціся дасыта. Таксама пра абжорства. 908. Звярцядла — люстэрка (польск. zwierciadło). 923. Наўда — навіна, дзіва. 940—941. Не трэба меркаваць па вонкаваму выгляду. Узрачна — прыгожа (Бяльк., 456). 942. Лазанкі — ласункі. 946—954. З напіткаў найбольш пашыраным быў квас (хлебны, бярозавы), менш — піва (дамашняе). Чай (гарбату) да рэвалюцыі на беларускай вёсцы мала ўжывалі. Тут амаль усе прыказкі маюць асацыятыўны пераносны сэнс. 957. Годы — тут: поўна, перанасычана; глоды — голад. 974—990. Гэтыя жарты за сталом у час яды адрасаваны як гаспадыні, так і застольнікам. І тут у многіх пераносны сэнс. 986. Пераміраець — абмірае, траціць прытомнасць. 991—1028. Абед, вячэра, парадак за сталом. 1008. Зэгар — гадзіннік (польск. zegar): не згажаецца — не згаджаецца, не мірыцца. 1010, 1011. Дзеля эканоміі за абедам існавала няпісанае правіла: на кожныя тры (і нават больш) лыжкі вадкай ежы — адзін укус хлеба, бліна. 1020. Парадак абеду за сталом — з адной міскі. Ёсць і падобныя загадкі. (Гл.: Загадкі. Мінск, 1972, стар. 245—246, № 2064—1073). Куцаба — качарга (укр. коцюба). 1021. Прыкмета-паверʼе.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
90 👁