627—629. Пухната, пушынка, пушнінка — пушны хлеб, г. зн. спечаны не з чыстай і прасеянай жытняй мукі, а з мякінай і рознымі дамешкамі. 631. Асцюлькі — асцюкі (вусікі на абалонцы зерня), якіх таксама было нямала ў хлебе з непрасеенай мукі. 635. Прыгаворка да таго, хто ўздыхнуў ад стомленасці (заўв. збіральніка). Пух — гл. заўв. 627. Мякіна — мякінны хлеб. Гэты «жаласны хлеб складаўся з большай палавіны то аўсянай, то ячнай, то пшанічнай мякіны, якая перамолвалася разам з жытнім зернем, у больш жа бядотных выпадках тут бывала так мала жыта, што яно служыла нібы клеем для змацавання мякінных часцінак» (Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии. Витебск, 1895, стар. 6). 638. Папа — хлеб (з дзіцячай лексікі). 673а. Вадзіць — шкодзіць. 689. З свіннёй — тут: з салам, саланінай. 694. Адварот — зусім малая колькасць, жменька мукі, якой хапае толькі на заправу, «закалот» якой-небудзь вадкай стравы. 705. Запараха — запараная мякіна на корм карове. 707. Ашчандзаўся — эканоміў, быў ашчадны, бярог (ад ашчаднасць). 720. Заўв. збіральніка: «Настаўленне жыць умеркавана, а таксама не высоўвацца з лішнімі выдаткамі» (Нос., 127). 727. Перапечы — тоўстыя бліны або булачкі з хлебнага цеста. 728. Старанамі — засекамі ў гумне, дзе складвалася збожжа. 729. Укрой — нарэзванне хлеба (ад кроіць хлеб). 730—738. Насмешкі з гаспадыні, якая спякла няўдалы хлеб, з закальцам, і яе трапныя адказы на гэта. 732. У пераносным сэнсе: вонкавы выгляд абманлівы. 738. Цяслявы — з заганай, з закальцам. 756. Жвеш — жуеш. 764—770. Блін — традыцыйная ежа беларусаў, даўні памочнік хлеба. Не дзіўна, што ў вобразнай асацыятыўнасці беларускіх прыказак фігуруе і блін. 770. Пераносны сэнс: пра няўдалую спробу, пачатак чаго-небудзь. 771—776. З павелічэннем плошчаў пасадкі бульбы, асабліва з другой палавіны XIX ст., яна становіцца «другім хлебам» у харчовым рацыёне беларускага селяніна. Гэту ролю бульбы і адзначаюць прыказкі. 777—808. Галодны чалавек не пераборлівы ў ежы. Такіх прыказак і прымавак многа, яны дапаўняюць агульную карціну нястачы ў харчаванні дарэвалюцыйнай вёскі. 778. Рыдз — грыб рыжык (польск. rydz). 781. Ні з чым — посны, без закрасы. 786. Пра нясмачную, кіслую, перасоленую страву. 792. Мацко — адна з форм асабовага мужч. імя Мацвей. 795—797. Ужываюцца шырока ў пераносным сэнсе. 799. Пячэня — тушанае або смажанае мяса. 809—823. Капуста і буракі — таксама традыцыйная ежа селяніна, неад'емная частка яго харчавання. Увесь асенне-зімні сезон сялянскі абед не абыходзіўся без вадкіх (першых) страў з гэтай гародніны, якая і дала ім назвы капуста (рус. щи) і буракі (рус. борщ). З іншай гародніны на сялянскім стале заўсёды агуркі. Іх салілі і назапашвалі на зіму. Таму з'яўленне ў прыказках і гэтай гародніны невыпадковае.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
85 👁