Харчаванне
430—533. Сістэматычнае недаяданне, голад з-за частых неўрадлівых гадоў былі пастаяннымі спадарожнікамі большасці сялянства дарэвалюцыйнай Беларусі. Аб гэтым красамоўна і расказваюць шматлікія прыказкі і прымаўкі.
433. Дзядзіна — жонка дзядзькі, цётка.
457. Заверта — вяроўка або раменьчык для прывязі аглабель да капыла ў санках. Гл.: Бяльк., 73 (заверт). Пар. рус.: Голодный волк и завертки рвет (Даль, 804).
488. Ані пык — няма табакі, няма чаго закурыць, чым зацягнуцца.
497. Прымаўка з'яўляецца радкамі з вяснянкі, у якой спяваецца пра веснавую бясхлебіцу і бяскорміцу (гл.: Богдан., 103).
499. Аці — есці (з дзіцячай лексікі).
507. У месце — у горадзе.
508. У россыць — дасыта.
509. Ні спіць — тут: не выпіць.
533. Мычыцца — мільгаць, мільгацець.
534—555. Крупы спрадвеку належалі да важнейшых прадуктаў харчавання беларускага селяніна. З круп гатавалі крупнікі, крупені і розныя кашы, традыцыйныя нацыянальныя стравы, без якіх не абыходзіўся сялянскі стол. Недахоп круп пазбаўляў сям'ю важнай крыніцы харчавання. Гэта адзначаюць і прыказкі.
536. Пуста каша — посная, без заправы.
544—547. Кашай звычайна заканчваўся сялянскі абед. Каша была таксама апошняй стравай за абрадавым сталом — «бабіна каша» на хрэсьбінах (пасля яе госці пачыналі разыходзіцца), куцця на каляды, на памінках, на дзяды.
552—554. Гавораць, калі рэдкі крупнік, мала ў ім крупы.
569. У галодны, неўрадлівы год выдаткоўваюць усё раней назапашанае ў гаспадарцы.
573—580. Усё пра тую ж нястачу ў ежы. Часамі даводзілася адбыць адной вадой.
583—586. Яйкі, важны спажыўны прадукт, у харчаванні селяніна займалі зусім нязначнае месца. Пераважна іх везлі на базар прадаваць для пакрыцця бягучых грашовых выдаткаў сям'і. Самі сяляне спажывалі яйкі галоўным чынам у свята, частавалі яечняй гасцей, сватоў. Таму ў прыказкавых творах пра яйкі выразна адчуваецца іронія і амаль усе яны з пераносным сэнсам.
586. Кока — яйцо. З дзіцячай лексікі.
590. Ужываецца і як традыцыйная канцоўка чарадзейных казак.
593. Прымаўка-забарона, вынікае са старажытнага пераканання ў магічную сувязь прычыны і выніку (гладкі таўкач — лысіна).
594. Аналагічна прыказцы «У сямі нянек дзіця без носу».
601. Крук — тут: крумкач, воран.
604. Гл. таксама тэкст VI. 872.
605. Путра — тут: каша (з латышск.).
619—762. Сярод прыказак і прымавак, якія датычаць ежы, пра хлеб больш за ўсё. І гэта зразумела: хлеб — аснова асноў харчавання.
626. Пасконная сарочка, псканінка — зрэбная, грубая, даматканая сарочка з канаплі.
99 👁