адзнакай крайняй беднасці. Таму ў прыказках і прымаўках пра казу яўна праглядвае іронія.
157—169. Сялянскі двор без цяглавай сілы — вала ці каня — і без каровы належаў да самых незаможных, бядняцкіх. І тут, як і ў іншых народных творах пра беднасць, праглядвае іронія, жарт, нібы смех скрозь слёзы.
170—208. Карова побач з канём ці валом займала асноўнае месца сярод свойскай жывёлы беларускага селяніна. Яна была карміцелькай сям'і, асабліва дзяцей, яна ж давала ўгнаенне, так патрэбнае сялянскім палеткам. Таму пра карову складзена многа прыказак і прымавак. У іх падкрэсліваецца значэнне каровы для селяніна, яны раяць, як выбіраць і купляць карову, даглядаць яе, расказваюць пра турботы і беды з кормам, адлюстроўваюць народныя веды пра гэту жывёлу, яе паводзіны і патрэбы.
172. Па ведаму — тут: ведаючы ў каго.
174. Пазорная — прыгожая на выгляд.
194. Жывіна — жывёла; мэнчыцца — мучыцца (ад польск. męka — мука), тут: клапоціцца; рэнчыцца — даецца ў руку (ад польск. ręka — рука), тут: дае карысць.
197б. Ужываецца і ў пераносным сэнсе: не глядзі па грошы, але на рэч (Fed., 318).
200. Унялося — зменшылася.
204. Хібіць — нестае.
207. Значыцца — пра стан каровы на апошняй стадыі цельнасці.
209—210. Першае цяля ў каровы звычайна не пакідаюць на гадоўлю.
224. Мышастая — масць каня (шэрая), тут: конь, кабыла.
225—249. Не менш, чым пра карову, прыказак і прымавак пра свінню. Тлумачыцца гэта тым месцам, якое займала свініна ў ежы селяніна. Свіння давала найбольш спажыўныя прадукты харчавання — мяса і сала, традыцыйныя для нацыянальнай кухні беларуса. Прыказкі адзначаюць заганныя прывычкі свінні, неабходнасць сачыць, каб яна не ішла ў шкоду на агарод, на поле. Прыказкі і прымаўкі пра свінню асабліва часта маюць пераносны сэнс, у якім лёгка ўлавіць намёк на адпаведныя непрыстойныя паводзіны чалавека.
241. У Дабравольскага пад рубрыкай «Уважлівасць. Умеласць».
246. Палудня не знаець — не ведае ні часу, ні меры ў ядзе; не знае пятніцы — не пераборлівы ў ядзе (пятніца раней — посны дзень).
248. Пятроўка — гл. заўв. І. 698.
250. Пра карысць ад авечкі ў сялянскай гаспадарцы. Яна давала ўсё патрэбнае чалавеку: мяса для ежы, шэрсць і аўчыну для адзення.
251—293. Пра дамовага сабаку. Сабака чуйна вартуе двор і хату селяніна, яго маёмасць, папярэджвае сваіх гаспадароў аб прыходзе чужога чалавека, чуе ваўка і г. д. Значэнне сабакі ў сялянскай гаспадарцы, такім чынам, не малое. Таму і прыказак пра яго складзена таксама многа. У іх выражан вопыт утрымання сабакі, парады на гэты конт, адзначаны яго прывычкі, адметныя якасці. Як і ў іншых тэматычных групах, і тут у прыказках пераносны сэнс датычыць чалавека і жыццёвых выпадкаў.
253. Чэп — тут: ланцуг. «Чэп — зашчапка, завала на вароты, на клець» (Бяльк., 494).
269. Брох — брэх. У Дабравольскага ў рубрыцы «Сям'я — адзін».
279. Тлумач. Насовіча: «Пра таго, хто абяцанняў не выконвае, пачатай справы не канчае, лянуецца і г. д.» (Нос., 99).
88 👁