656. Перапалаўная серада — царк. свята прапалавення паміж вялікаднем і сёмухай (ад ст.-рус. прапалавіць — падзяліць напалам) 5 мая. 657. Станіслава — па каталіцк. календару 8 мая н. ст. 658. Мікола — 9 мая. Прыблізна к гэтаму часу з'яўляецца расліннасць — добрая падмога ў кармавым і харчовым рацыёне. У старым сялянскім быце Міколу адзначалі як вялікае свята. Яго лічылі патронам земляробства, які «жыта родзіць». 659. Калі сена хапіла б да Міколы, г. зн. да новай травы, што раней рэдка здаралася ў большасці сялянскіх гаспадарак, дык у скаціны была б добрая зімоўка. 667—670. Тут гаворка пра абодвух Міколаў — зімовага 6 снежня і веснавога, калі яшчэ не ўсталяваліся ні зіма, ні лета з адпаведнай дарогай — саннай або падсохлай для калёсаў; адзін «прыносіць» холад і снег, другі — цяпло і траву, корм. 671. «Бацькам Міколы» беларускія сяляне называлі Іаана Багаслова, дзень якога святкавалі напярэдадні веснавога Міколы, 8 мая, а таксама Саву, напярэдадні зімовага Міколы, 5 снежня. У гэтыя дні наладжвалі мікольшчыны — грамадскія абеды і не працавалі. 672. Сідары — 14 мая, калі царк. каляндар адзначаў двух святых Ісідараў. 673. Пахом — па царк. календару дзень Пахомія Вялікага (15 мая). 674. Васіліска — 22 мая. 675, 676. Пчалярскія гаспадарчыя прыкметы. Перад Янам — тут: не перад купаллем, а перад днём Іаана Красціцеля (25 мая); з я м е ц — пчаляр. 679. На Галёну — на Алену (21 мая). 680—682. Духа — субота перад тройцай, праз 7 тыдняў пасля вялікадня, прыблізна ў канцы мая — пачатку чэрвеня. У гэты час здараецца халоднае надвор'е. 683. Зелянец — тройца, сёмуха (гл. папярэднюю заўв.), польск. zielone świątki. У народным календары траецкімі абрадамі і карагодамі заканчваўся веснавы цыкл гадавога круга. 684. Юстын (царк. Іўсцін) і Харытон — 1 чэрвеня. 685. На Тодара — па царк. календару дзень Феадора Страцілата (8 чэрвеня). 686. На Нупрэя — па царк. календару дзень Ануфрыя Вялікага (12 чэрвеня). 687. Амос — 15 чэрвеня. 688. Дзевятнік — чацвер на дзевятым тыдні пасля вялікадня (у католікаў у гэты дзень свята «божа цяла»). 689. Дзесятнік — дзесятая пятніца пасля вялікадня. 690. Іван Купала — 24 чэрвеня, дзень, блізкі да летняга сонцастаяння (21—22 чэрвеня). На гэты час прыпадаюць самыя кароткія ночы. 691. Яны замест Ян — 24 чэрвеня, пашырана ў Гродзенскім, Ашмянскім, Слонімскім і некаторых іншых заходніх раёнах Беларусі. 692—694. Да свята Купалы на поўдні і захадзе Беларусі паспявала ўжо жыта, а на Пятра (29 чэрвеня) ці неўзабаве пасля яго, аббіўшы першыя снапы і змалоўшы зерне, часам пяклі ўжо новы хлеб. 695. Тут гаворка ідзе пра грэчку, якая, пасеяная да Яна, выспявала да замаразкаў, а пасеяная пазней магла змерзнуць і гадзілася толькі вепру (тлумач. збіральніка).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
103 👁