583. Лічыцца, што пасля вадохрышча (6 студзеня) вялікіх маразоў ужо не будзе; павярнулася к Пятру (29 чэрвеня), г. зн. да лета. Вадахрэшчы — вадохрышча. 584. Павер'е язычніцка-хрысціянскага паходжання. Паводле народных вераванняў, чэрці і іншыя «нячысцікі» баяцца крыжа. Вадохрышчанскі царкоўны абрад «вадасвяцця» праз крыжападобную палонку павінен быў «выгнаць чарцей», якія, па тых жа павер'ях, зімуюць у вадзе (Ром., VIII, 128). 585. Ігнат (царк. Ігнаці-баганосец) — 29 студзеня. 586. Грамніцы, грамніца — рэлігійнае свята (2 лютага). Другая народная назва (пераважна ў праваслаўных) — стрэчанне (царк. срэценне). Назва перайшла ад католікаў праз уніятаў. У гэты дзень асвячалі ў царкве свячу, якую запальвалі ў навальніцу «ад грому» («грамнічныя свечы»); яна ж фігуравала ў шэрагу абрадаў. 587—589. У адрозненне ад двух папярэдніх гэтыя прыказкі ў большай меры гаспадарчага характару, чым метэаралагічнага: да новага ўраджаю застаецца столькі ж часу, колькі прайшло ад папярэдняга ўраджаю, корму ж для скаціны павінна застацца «трэцяя часць», «траціна», бо новая трава з'яўляецца значна хутчэй (прыблізна праз тры месяцы пасля грамніц). 589. Пошар — корм для скаціны (ад літ. pasaras). 590—594. У пачатку лютага часта здараюцца адлігі. Па надвор'ю на грамніцы мяркуюць аб надвор'і ўвесну. 595—597. Гл. тэксты і заўв. 586. 598—603. Масленіца (царк. сырная сядміца, г. зн. сырны тыдзень) — веснавое аграрна-магічнае святкаванне дахрысціянскага паходжання. Пасля пашырэння хрысціянства пачала адзначацца напярэдадні т. зв. вялікага посту, прыблізна ў другой палавіне лютага. Багатая ежа на масленіцу прызначалася магічна забяспечыць дастатак у будучым. 601. Масленіца-пакатуха — на гэта свята быў звычай катацца вакол вёскі на санках, катацца з снежных горак. Да духа — да свята сёмухі (троіцы), праз сем тыдняў пасля вялікадня. 603. Месяц-лізун — месяц, на які прыпадае масленіца-палізуха. 606, 607. Уласаў дзень (царк. Уласія) — 11 лютага. Святы Улас лічыўся патронам свойскай жывёлы, ён «пераняў» свае функцыі ад язычніцкага божышча Вялеса. 608. Казімір (Казімер) — па каталіцкаму царк. календару 19 лютага (н. ст.). 609. З народнай метэаралогіі: пра адлігі. Мацей — па каталіцкаму царк. календару 24 лютага (н. ст.). Пар. рус.: На св. Матвея зима потеет (Даль, 847; але тут Мацвей, што адзначаўся 16 лістапада). 612. Касьян — адзначаўся ў высакосны год 29 лютага. Лічыўся нешчаслівым днём. Пар. рус.: Касьян на что ни взглянет — все вянет (Даль, 874). 613. Яўдока (Аўдакея) — 1 сакавіка. У гэты час звычайна бываюць адлігі, галалёд, пачынае сыходзіць снег. Лічылася пачаткам вясны. 615. На Рыгора — 4 сакавіка. 616—619. Саракі — рэліг. свята сарака мучанікаў (9 сакавіка). 620. На святога Прыска — тое ж, што на саракі. Прыск — адзін з 40 мучанікаў, адзначаных царкоўным календаром. 622, 623. Ляксей (дзень Аляксея — божага чалавека) — 17 сакавіка. Ледзь — лёд.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
86 👁