народнай аграноміі, якая вызначала тэрміны сяўбы па прыкметах.
408. Калі ў садзе бела — як сад цвіце.
413. Касцер — мошка.
418. Рок — год. Слова захавалася ва ўкраінскай і польскай мовах.
420, 421. Да чаго ўлетку, калі ўсяго многа, зняважліва адносішся, тое ўзімку з карысцю спажываецца (тлумач. збіральнікаў Л. Салавей і Л. Малаш). Я. Ляцкі свой запіс прыводзіць у кантэксце: «І малады і стары прэ за ягадай і грыбамі, бо што ўлетку...» і г. д. Можа быць ужыта і ў пераносным сэнсе пры адпаведнай сітуацыі.
434—437. Пчалярскія прыказкі-прыкметы, практычныя парады, якія заснаваны на вытворчым вопыце і назіраннях за жыццём пчол. У «сухі год» цёплае лета багата меданоснымі кветкамі, а таму спрыяе медазбору, мокры ж год з сакавітай травой дае добры корм скаціне.
441—442. Ва ўмовах Беларусі сухое, гарачае лета лепш спрыяе ўраджаю, асабліва збожжавых, чым лета «мокрае», якое часта прыводзіць да вымакання і палягання пасеваў.
447. У цёплае лета многа камароў, яно ж спрыяе добраму ўраджаю.
448. Яр — ярына, яравыя культуры.
450—452. Боб цвіце звычайна ў першай палове ліпеня, перад жнівом, у самую, па старых умовах, «бясхлебіцу».
457. Найбольш забяспечаны час пасля ўборкі ўраджаю. Пар. рус.: В осень и у воробья пиво (Даль, 913).
461. Усё дрэннае забываецца, як толькі надыходзяць лепшыя часы.
464—465. Рабіна паспявае, чырванее ўвосень, калі ідуць ужо дажджы. Вядома і іншая прыкмета: калі многа рабіны,— сухая восень (Докш. р.).
465. Верабіна — рабіна.
466. Нурцы — від качак (Fuligulinae, або Glangalinae), што здабываюць сабе ежу ныраючы. Прылятаюць увосень, у час, калі надвор'е ўжо заўсёды дрэннае.
468—472. Пра зменлівае восеньскае надвор'е.
Змяна — змена (польск. zmiana).
473. У канцы жніўня, калі брусніцы паспяваюць, ноч ужо значна падаўжэла.
475. Як дрэнна будзе ўзарана і пасеяна азіміна, прыйдзецца перасяваць, ізноў выдаткоўваць зерне, якое было назапашана на «кашу» (крупы).
476. Пра збіранне грыбоў.
478. Пра ўраджай можна меркаваць не толькі па асенняй руні, ён залежыць і ад надвор'я ўвесну. Гаварылі таму, хто хваліў свае пасевы азімых.
480—486. Восень, калі ўраджай ужо зняты, была самай забяспечанай парой у селяніна. Частае супрацьпастаўленне зіме і асабліва вясне, калі неставала харчоў і кармоў.
490—492. Надвор'е, якое спрыяе росту грыбоў, добра ўплывае і на будучы ўраджай жыта. У той жа час зафіксавана прыказка-прыкмета з супрацьлеглым значэннем.
497. Сэнс: усё ў свой час.
498. Год — значны прамежак часу; за гэты час многа што можа адбыцца.
503—505. У гэтых прыказках адзначаецца, што год — невялікі адрэзак у жыцці чалавека.
506. Удзень напрацуешся, нагаруешся, уночы адпачнеш.
102 👁