35, 36. Нагляданні за з'явамі прыроды. У той жа час маюць пераносны сэнс: страшная гразьба часта праходзіць безвынікова. Змяшчаюць і іншы пераносны сэнс.
41. Звязана з даўнімі вераваннямі: перуном, як стралой, бог забівае «нячыстую сілу». Каменныя прылады старажытнага чалавека, якія знаходзілі ў зямлі, называлі «перуновымі стрэламі».
42. Нагола — на голую зямлю, яшчэ не пакрытую травой.
59—61. Прыказкі-прыкметы гаспадарчага характару.
75. Часта на каляды (канец снежня) і Новы год прыпадаюць моцныя маразы. Пар. рус. «рождественские» або «крещенские морозы».
84. З надыходам маразоў і ўсталяваннем саннай дарогі аблягчаецца вываз вялікіх цяжараў — бярвення, дроў з лесу, сена з балот і інш.
86. Звязана з павер'ем, якое было пашырана таксама сярод рыбакоў і нават маракоў: дастаткова пералічыць сорак знаёмых лысых людзей, і бура сціхне. У некаторых беларускіх вёсках (на Мядзельшчыне, у Докшыцкім р. і інш.) у мароз (на каляды) збіраліся дзяўчаты і па імю называлі сорак лысых, каб «мароз ляснуў» (паведаміла Л. А. Малаш).
97. Прыказка пра таго, хто «бескарысна працуе над немагчымым» (тлумач. збіральніка).
98. Пралубка — проламка.
Лубка — каробка з лубу.
99. Ускосны сэнс: да добрага, чыстага цягнуцца многія.
101. Адказ на чые-небудзь кпіны, насмешкі.
103. Апрача прамога сэнсу, гэтыя прыказкі маюць на ўвазе існаванне неадольнай сілы, якую чалавеку цяжка перамагчы. Насовіч укладае тут класавы змест: «Настаўленне не супраціўляцца сіле ўлады» (Нос., 141).
113—133. Прыказкі, якія падкрэсліваюць небяспеку агню. Значная колькасць такіх прыказак у беларускім матэрыяле тлумачыцца жыццёвымі прычынамі. Частыя пажары ў беларускай вёсцы з яе драўлянымі будынкамі і скучанасцю былі сапраўдным бічом для селяніна, яны прыносілі незлічоныя страты яго гаспадарцы і маёмасці. Гэта знайшло адлюстраванне нават у айканіміі — назвах населеных пунктаў (Гарэлае, Пагарэльцы, Пагарэлка, Негарэлае і г. д.). Аднак многія прыказкі мелі і пераносны сэнс і служылі павучаннямі ў розных жыццёвых сітуацыях.
122. Вынікае з даўняга культу агню, з павер'я, што агонь нельга зневажаць (пляваць на агонь і г. д.).
Уквеліш, ад уквяліць — угнявіць, раздражніць. Слова гэта і зараз яшчэ вядома на Мядзельшчыне, Вілейшчыне, Слонімшчыне і ў некаторых іншых заходніх раёнах Беларусі.
124. Заклікае да асцярожнасці ў небяспечных справах. Пар. рус.: От искры сыр-бор загорается (Даль, 667).
134—252. Прыказкі і прымаўкі шматлікай групы пра жывёл часта змяшчаюць у сабе пераносны сэнс: пад уласцівасцямі жывёлы найчасцей разумеюць пэўныя паводзіны і рысы характару чалавека. Такі прыём (алегорыя) мае даўнія традыцыі ў розных жанрах фальклору, асабліва ў казках пра жывёл. Уласцівы ён у значнай ступені і беларускім прыказкам.
137, 138. Часам гавораць пра тое, што ад віннага добра хоць частку доўгу звярнуць.
145. У пераносным сэнсе — не здзівіш чалавека звыклымі для яго абставінамі.
146. Мае той самы сэнс, што і 148-я прыказка. Федароўскі тлумачыць крыху інакш: «Не выводзь мяне з цярпення, не цягні за язык».
106 👁