Прыказкі і прымаўкі (1976). Кніга 1. М. Я. Грынблат

 ◀  / 560  ▶ 
ныя з'явіліся падрыхтоўчым этапам да стварэння буйнейшага ва ўсёй дарэвалюцыйнай літаратуры зборніка беларускіх прыказак i прымавак, адной з асноўных прац I. I. Насовіча. Вартасць зборніка Насовіча 1874 г. цяжка перабольшыць. Тут змешчана 3715 запісаў, зробленых у розных кутках Беларусі, усюды, дзе яму на працягу многіх год даводзілася працаваць настаўнікам, інспектарам школ (Мсціслаў, Орша, Маладзечна, Свянцяны i інш.), але найбольш на Магілёўшчыне. Сын Насовіча ў сваіх успамінах пісаў: «Бацька мой не шкадаваў ніякіх сродкаў, ездзіў у розныя беларускія мясцовасці, якія цікавілі яго. 3 маленства жывучы сярод вясковага люду, добра ведаў як гаворку беларусаў, так i мноства ix песень, прыказак, прымавак i г. д. Ён ведаў i шанаваў ix звычаі... Заўсёды насіў пры сабе сшытак, куды зараз жа заносіў кожнае новае для яго слова, якое траплялася яму ў гутарцы з простым чалавекам, кожную цікавую песню, прыказку i г. д.» Апрача ўласных запісаў Насовіч змясціў у сваім зборніку частку запісаў папярэдніх збіральнікаў, апублікаваных раней. Доўгі час зборнік Насовіча служыў найбольш багатай крыніцай для вывучэння прыказкавай творчасці беларусаў. Значэнне сваё ён не страціў i у наш час, хаця зборнік мае i істотныя недахопы: у многіх выпадках збіральнік няўважліва ставіўся да перадачы мовы прыказкі, часам парушаў пры запісе яе будову, рытміку, рыфмаванне i г. д. Напрыклад, недакладна запісаная прымаўка «Ад дажджа не ў ваду» (стар. 121) страціла нават падабенства рыфмы, якое яна мела («Ад дажджу не ў ваду»). Насовіч зусім не адзначаў, дзе рабіліся запісы. Заслугоўвае ўвагі i фундаментальны «Слоўнік беларускай мовы» I. I. Насовіча (СПб, 1870), над якім ён працаваў 16 год. Слоўнік мае вялікую цікаваць i для фалькларыстаў. У тлумачэннях слоў Насовіч прыводзіць у якасці прыкладаў многа прыказак i прымавак, раскрываючы такім чынам ix сэнс. Зборнік i слоўнік Насовіча адыгралі важную ролю ў абуджэнні цікавасці да беларускіх прыказак, да трапнага народнага слова. З публікацый 70-х гадоў варта яшчэ прыгадаць запісы I. Бермана i Ю. Ф. Крачкоўскага. I. Берман, сельскі свяшчэннік, аўтар рада этнаграфічных прац па народнай метэаралогіі i народнаму календару, апісваючы гадавы круг свят i сельскагаспадарчых работ, адначасна прыводзіць звя- _____________ 32 И. Носович. Сборник белорусских пословиц. СПб, 1866; яго ж: Белорусские пословицы.— «Записки РГО», 1867; яго ж: Дополнение К Сборнику белорусских пословиц».— «Записки РГО», 1869. сборник белорусских пословиц, составленный И. И. Носовичем. СПб, 1874. Рукапісны аддзел Фундаментальнай бібліятэкі А Н СССР, шыфр 26.5.107, л. 14—17. Цыт. па кн.: В. К. Бандарчык. Гісторыя беларускай этнаграфіі X I X ст. Мінск, 1964, стар. 110.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
88 👁
 ◀  / 560  ▶