Структура слоўнікавага артыкула.
Загаловачнае слова і яго значэнне
Спецыфічнай асаблівасцю словазбору з'яўлялася падача ў якасці загаловачных слоў дзеясловаў. Аўтар не размяжоўваў аднакаранёвыя дзеясловы закончанага і незакончанага трывання, таму мела месца неадпаведнасць паміж формай рэестравай лексемы і яе тэкставым адпаведнікам. Напрыклад:
ЖЛУКТАЦЬ незак. Глытаць. Трэба ж, выжлуктаў усё за адну хвіліну.
ЦУБЫСІЦЬ незак. Ліць, заліваць (пра дождж). Па дарозе нас пераняў дождж, ды так уцубысіў, што ніткі сухой у адзёжы не засталося.
Падобны падыход быў адхілены пры ўкладанні матэрыялу ў слоўнікавы артыкул. У якасці рэестравай адзінкі падавалася слова, ужытае ў прыкладзе. Пры ўмове, калі ўтваральная аснова вытворнай адзінкі запісвалася аўтарам як асобнае слова, яно ўключалася ў рэестр з захаваннем занатаванага літарнага аблічча. Семантычная характарыстыка падобных дзеясловаў грунтавалася на ўліку ўжытай граматычнай формы закончанага ці незакончанага трывання:
ВЫЖЛУКТАЦЬ зак. Праглынуць, выжлукціць. Трэба ж, выжлуктаў усё за адну хвіліну.
УЦУБЫСІЦЬ зак. Лінуць (пра дождж). Па дарозе нас пераняў дождж ды так уцубысіў, што ніткі сухой у адзёжы не засталося.
У тых выпадках, калі збіральнікам падаваліся словы, зафіксаваныя без прыкладаў, але раскрывалася іх значэнне, яны ўключаліся ў словазбор у нязменнай форме.
ГАНАБОЛІ мн. 1. Кусцікавыя расліны, якія растуць у нізкіх лясных мясцінах. 2. Ягады гэтых раслін; буякі, дурніцы.
ЖЫГАНУЦЬ зак. 1. Джгануць, уджаліць. 2. Апячы (пра крапіву).
Асобныя словы, якія сустракаліся ў прыкладах, але не адзначаліся аўтарам у якасці рэестравых адзінак, вылучаліся як самастойныя і ўключаліся ў слоўнікавы рэестр.
89 👁