ВАНТРОБЫ толькі мн. Каб табе вантробы перавярнуліся (перавярнула)! (праклён).
ВАНЬКА м. □ На беднага Ваньку ўсе шышкі валяцца.
ВАРЗОПАЦЬ незак. Наліваць поўна, да краёў.
ВАРОНА ж. □ Хто б ведаў варону, каб ні яе скрыпучы голас.
ВАЎКАРЭЗІНА ж. Пра збродлівую, шкадлівую жывёліну. Трэба ж гэта ваўкарэзіна [пра карову] кожны раз у шкоду залезе.
ВЕРТАХНУЦЬ зак. Нечакана нахіліць. Кацёл у печы як вертахнула, ледзь вілачнік у руках утрымала.
ВЕТРАГОН м. Моцны вецер. Ну й ветрагон сення. 2. Легкадумны, пусты чалавек. Наш ветрагон ужо не ў Полацку, а ў Віцебску працуіць.
ВЁСКА ж. □ Добра ў горадзе жыць, калі ў вёсцы торба вісіць.
ВІДАЦЬ незак. □ Блізка відаць, ды далёка дыбаць.
ВІР м. Вір. Каб цябе ў вір галавой! (праклён). У вір цябе галавой! (праклён).
ВІЦЬ ж. Скручаны лазовы ці бярозавы дубец, якім перавіваюць плот і інш.; вітка. А табе, сын, прыйдзецца віці навіць.
[Плялася віць такім чынам. На макушцы дубца рабілася засечка. У раздвоеную нажом таўсцейшую частку дубца замацоўвалася вяровачка з палачкай, якой круцілі дубец і намотвалі яго вакол кала. Дубец раўнамерна скручваўся і не ламаўся].
ВОГНІК м. Хвароба, якая суправаджаецца высыпкай на скуры. Ноч не заснула, пэўна, вогнік на пальцы.
ВОЛ м. □ Адзін з'еш і вала, адна хвала.
ВОЛУХ м. абразл. Ёлуп, ёлупень; дурнаваты; тугадум. З волухам тым не дружы, ён цябе ў маліны завядзець.
ВОЛЯ ж. □ Вольнаму воля, а дурному поле. □ Дзіцяці дай толькі волю, сам будзеш у няволі.
ВОТРАНЫ мн. Амецце, адходы (звычайна буйныя) пры малацьбе збожжа. Зранку даём карове запараныя вотрыны.
79 👁