БУРЗОЛІЦЬ незак. Перабіраць лычам, выкідваць з карыта. Свіння не есць, а толькі бурзоліць.
БУРСМОЛІЦЦА незак. Калупацца, выбіраючы лепшае (пра ежу). Паглядзі, бацька, як сынок твой не есць, а толькі бурсмоліцца.
БУРСМОЛІЦЬ незак. Калупацца, выбіраць лепшае (пра ежу). Паглядзіце, як ён есць, не есць, а бурсмоліць.
БУРУЗДА агульн. Буркун, бубнач, балбатун. Ну, з'явілася гэта бурузда, да раніцы буруздзіць будзе.
БУРУЗДЗІЦЬ незак. Бурчаць, бубнець. Прыйшоў мой позна, п'яны зусім і стаў буруздзіць: і кашуля ў яго не белая, і скаромнага мала. Прыйшоў стары і давай буруздзіць: і тое не так, і гэта не гэтак.
БУШНЕЦЬ незак. Паўнець, таўсцець. Манька з дня на дзень бушнее, ці ні нявольная яна?
БУЯНІЦЬ незак. 1. Хутка расці. У агародзе ў іх усё буяніць. 2. перан. Набыць сілу. Старасць буяніць.
БЯДА ж. □ І сплючы бяду прыспіш.
БЯЛІЦЦА незак. Выбельвацца на сонцы (пра палатно). Сёлета ў Марыі пяць скутоў беліцца.
В
ВАДЗІЦА ж. ласк. Вада. Вадзіца-царыца, ачышчальніца наша, / Ачысці душу і цела наша (з замовы).
ВАДЗІЦЬ незак. Шкодзіць, замінаць. Няхай ёй нішто не вадзіць.
ВАДЗІЦЬ незак. ◊ ВАДЗІЦЬ ЗА НОС. Уводзіць у зман, ашукваць. Брыгадзір нас толькі за нос водзіць, кажа: «Рабіце, жанчынкі, дам пакосу». І сёння яшчэ дае.
ВАЛАВОДЗІЦЦА незак. Заляцацца, сябраваць, не абяцаючы жаніцца. А ён толькі валаводзіцца. Хіба ён жаніцца думае?
ВАЛАСЕНЬ м. Хвароба костачак пальцаў; валасень. У яго валасень на пальцы, хто гэта яго замаўляіць.
ВАЛТУЗІЦЦА незак. Барукацца, змагацца, дужацца. Іду і бачу: хлопцы валтузяцца.
80 👁