ТРАЙНЯ ж. Дышаль у калёсах для перавозкі бярвення. Дзядзька трайню новую зрабіў у калёсах, заўтра за бярвённямі паедуць.
Паводле звестак ЛАБНГ, трайня тлумачыцца як 'доўгі брус, які злучае пярэднюю і заднюю часткі воза'1. Для Полаччыны якраз характэрна такое найменне. Лексема дышаль у такім жа значэнні сапраўды адзначана ў беларускіх гаворках, аднак яна пашырана ва ўсходнепалескім рэгіёне. У літаратурнай мове гэта слова выступае ў наступных дэфініцыях: «1. Жэрдка, прымацаваная да сярэдзіны пярэдняй восі калёс пры парнай запрэжцы. // Такая жэрдка ў калёсным сельскагаспадарчым інвентары для злучэння яго з трактарам або іншай машынай. 2. Жалезная выгнутая пласціна ў плузе, да пярэдняга канца якой прымацоўваецца ворчык»2. Ніводнае з пералічаных тлумачэнняў абазначальнага сродку дышаль не падыходзіць да аўтарскага тлумачальнага кантэксту. Магчыма, што для абазначэння доўгага бруса жыхары вёскі Пусташы выкарыстоўваюць слова дышаль, але, калі кіравацца значэннямі дадзенай лексемы адносна дэфініцыі трайня ў інтэрпрэтацыі збіральніка, то могуць узнікнуць пытанні, наколькі мэтазгодна ўжываць тут слова дышаль. Вызначыць дакладна семантыку лексемы трайня на падставе наяўнай ілюстрацыі цяжка. З улікам сказанага ў слоўніку загаловачнае слова выступае ў значэнні, адлюстраваным у ЛАБНГ.
ТРАЙНЯ ж. Доўгі брус, які злучае пярэднюю і заднюю часткі воза. Дзядзька трайню новую зрабіў у калёсах, заўтра за бярвённямі паедуць.
1 Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: у 5 т. / Акад. навук Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; рэдкал.: М. В. Бірыла (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск: Фонд фундам. даслед. Рэсп. Беларусь, Кам. геадэзіі пры Савеце Міністраў Рэсп. Беларусь, 1993–1998. Т. 2 : Сельская гаспадарка. С. 119 (камент.). Карта № 311.
2 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / Акад. навук БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; пад агул. рэд. К. К. Атраховіча (К. Крапівы). Мінск: БелСЭ, 1977–1984. Т. 2.
83 👁