Старонка 239
◀ / 381 ▶
-ашк-а. Ацэначная лексіка беларускай дыялектнай мовы з гэтым суфіксам прадстаўлена толькі аддзеяслоўнымі ўтварэннямі. Назоўнікі агульнага роду маюць адценні асуджэння, неадабрэння і называюць асоб па непрафесійным негатыўным дзеянні: выціраашка 'неахайніца', замарашка 'тс', мянташка 'хто многа і без толку гаворыць', паграбашка 'хапуга', пупіхашка 'чалавек, якім камандуюць', цігашка 'валацуга'. Націск на суфіксе. Тып рэгіянальны (віц., маг., мін.). -ашнік. Адназоўнікавыя субстантывы мужчынскага роду ўтвараюцца ад асноў неадушаўлёных назоўнікаў і абазначаюць асоб па прыхільнасці да таго, што названа ўтваральным словам, маюць экспрэсіўнае адценне непахвальнасці: вечарынашнік 'хто любіць пагуляць на вечарынах', гарэлашнік 'ахвотнік да гарэлкі'. Націск на перадсуфіксальным складзе. Тып рэгіянальны (маг.). -ашніц-а. Асабовыя назоўнікі жаночага роду ўтвараюцца ад назоўнікаў і абазначаюць асоб па прыхільнасці да таго, што названа ўтваральным словам; маюць ацэначнае адценне неадабрэння. Націск на перадсуфіксальным складзе. Базавыя – асновы неадушаўлёных назоўнікаў: гарэлашніца 'ахвотніца да гарэлкі', вечарынашніца 'ахвотніца да вечарыны'. Тып рэгіянальны (маг.). Назоўнікі жаночага роду з суфіксам -ашніц-а суадносяцца таксама з назвамі асоб мужчынскага полу на -ашнік і могуць разглядацца як вытворныя ад іх пры дапамозе суфікса -ніц-а (фіналь утваральнага слова -нік адсякаецца): гарэлашнік – гарэлашніца. Паколькі на сёння яшчэ нераўнамерна і не ў поўным аб'ёме сабраны і лексікаграфічна апрацаваны моўны матэрыял з усіх рэгіёнаў Беларусі, пры далейшым вывучэнні ацэначных адзінак дыялектнай мовы магчыма дапаўненне і ўдакладненне прапанаванай дэрывацыйнай сістэмы. Літаратура 1. Беларуская граматыка: У 2 ч. / Акад. навук БССР. Ін-т мовазн. – Мінск: Навука і тэхніка, 1985. – Ч. 1: Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск / Рэд.: М.В. Бірыла, П.П. Шуба. – 1985. – 431 с. 2. Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А.Я. Міхневіча. – Мінск: Бел. энцыкл., 1994. – 655 с. 3. Долгов И.А. Образование суффиксальных эмоционально-оценочных наименований лица в современном русском языке: Автореф. дис. ... канд. филолог. наук: 10.02.01 / Киевский гос. ун-т им. Т.Г. Шевченко. – Киев, 1984.– 23 с. 4. Лещинская О.А. Суффиксальное словообразование атрибутивных существительных в современном белорусском языке: Автореф. дис. ... канд. филолог. наук: 10.02.02 / Акад. наук БССР. Ин-т языкозн. им. Я.Колоса. – Минск, 1974. – 21 с. 5. Сцяцко П.У. Беларускае народнае словаўтварэнне: Афіксальныя назоўнікі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1977. – 320 с.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 381 ▶