Старонка 181
◀ / 381 ▶
нарматыўным для рускай літаратурнай мовы. Намінацыя паходзіць ад о- і асновы дзеяслова дуть [8]. У аснову назваў пакладзена ўласцівасць расліны, семя якой разносіцца ад лёгкага подыху ветру. У слоўніку Даля падаецца форма без памяншальнага суфікса одуван, утвораная з дапамогай суфікса -ан ад дзеяслоўнай асновы одуть. "Словарь русских народных говоров" падае для назвы адуванчыка найменні одувалка, одувальник, одуванник (9.С.66). У беларускіх народных гаворках зафіксаваны фанетычныя і словаўтваральныя варыянты гэтай назвы: дуванчык, дываньчык, надуванчык, раздуванчык і пад. У беларускіх гаворках зафіксавана яшчэ адна назва адуванчыка дзьмухавец (дмухавец, дмухель) з падобнай матывацыйнай утваральнай асновай, што і ў назве адуванчык. Яна лакалізуецца ў асноўным у Гродзенскім рэгіёне і як адзінкавая зафіксавана на Магілёўшчыне. Пры падачы назвы ў сваім слоўніку Кісялеўскі А.І. спасылаецца на працы Васількова, Верас, Краскоўскага і Чалоўскага, якія былі апублікаваны ў канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзя. З паметай размоўнае найменне падаецца і ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы, але не адзначана ў асноўных дыялектных лексікаграфічных даведніках, апублікаваных у другой палове 20-га стагоддзя, што можа сведчыць пра вельмі абмежаванае распаўсюджанне гэтай назвы, або нават пра тое, што ў сучасных гаворках беларускай мовы гэтая намінацыя практычна не ўжываецца. Гэта больш позняе ўтварэнне, якое паходзіць ад асновы дзеясловаў дзьмуць, дзьмухаць, якія, у сваю чаргу, з'яўляюцца кантамінацыяй старых славянскіх форм *duti і *dǫti [10]. Намінацыя дзьмухавец з'яўляецца літаратурнай назвай адуванчыка ў польскай мове. Хутчэй за ўсё, яна і пранікла ў беларускія гаворкі з польскай мовы. Хаця ў беларускіх гаворках гэта найменне ўжываецца вельмі абмежавана, яно даволі часта ўжываецца беларускімі пісьменнікамі ў мове мастацкай літаратуры: На цёмнай ужо, сакавітай траве абочын камячкамі кволага пуху стаіць дзьмухавец (Я.Брыль). На белых галоўках дзьмухаўцу абапал дарогі густа туманіліся кроплі расы (І.Мележ). У Карэліцкім раёне зафіксавана найменне пералётнік. У аснове ўтварэння назваў адуванчык, дзьмухавец, пералётнік ляжыць адна і тая ж матывацыйная прыкмета: апушанае насенне гэтай расліны (адуванчыка) лёгка абдуваецца ветрам і разносіцца (пералятае) на далёкія адлегласці. Параўнай рус. ветродуйка [3.С.128]. У Мёрскім раёне на Віцебшчыне адзначана адзінкавае найменне адуванчыка арлічык, якое не сустрэлася больш у гаворках іншых славянскіх моў. Матывацыю наймення высветліць цяжка. Вядома, што ў прыродзе ёсць папараць з назвай бел. арляк, рус., укр. орляк. Назвы папараці звязваюцца з паняццем птушак, крылляў паводле знешняга выгляду лісця, якое нагадвае крылле птушак [11]. Можна дапусціць, што ў аснове наймення адуванчыка арлічык ляжыць уласцівасць семя лёгка лятаць (як арол). Але гэта толькі меркаванне. Даволі пашыранымі ў беларускіх гаворках для назвы адуванчыка з'яўляюцца найменні, у аснове якіх у якасці матывацыйнай прыкметы ляжыць паняцце "малако": малачай, малач'як, малочнік, малошнік, млечнік і інш. У адрозненне ад назваў тыпу адуванчык і дзьмухавец, характэрных у першую чаргу для гаворак усходняй зоны,
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
85 👁
◀ / 381 ▶