Старонка 182
◀ / 381 ▶
назвы з коранем малок- пашыраны ў асноўным у гаворках паўночна-заходняй зоны і ў паўднёва-заходніх палескіх гаворках. Вялікая колькасць раслін, непадобных знешне, якія адносяцца да розных сямействаў, аб'ядноўваюцца пад адной назвай малачай. Яны згрупаваны на аснове характэрнай для іх адзнакі – выдзялення са сцябла белага малакападобнага соку ( асот агародны – Sonchus, адуванчык – Taraxacum, чыстацел – Chelidonium і інш.). Назва малачай з'яўляецца тым вузлом, які звязвае ўсе гэтыя расліны, хаця па іншых прыкметах яны ўваходзяць у іншыя групы і маюць вялікую колькасць агульных і індывідуальных найменняў [12.С. 99-100]. Семантычная аснова найменняў гэтай групы раслін аднолькавая ва ўсіх славянскіх мовах: рус. молочница, молочайник, молокан, молочная трава і інш..; укр. молочак, молочайка, молочняк і пад., мак. млеч, млечка, балг. млечок, млечка, чэш. mlič, mliči, mleč, пол. mlecz, н.-луж. mlac і пад. Ва ўсіх гэтых найменнях вылучаецца агульнаславянская аснова *melkj- з розным суфіксальным афармленнем. Бяссуфіксныя формы характэрны для заходнеславянскіх моў, а суфіксальныя ўтварэнні зафіксаваны ў асноўным у гаворках усходнеславянскіх моў [13.С. 113]. У беларускай літаратурнай мове лексема малачай ужываецца толькі са значэннем Sonchus L. – травяністая або кустовая расліна сямейства малачаевых з ядавітым белым сокам. У народных жа гаворках на адной і той жа тэрыторыі (гл. карту № 244 у ЛАБНГ т.1) гэта найменне ўласціва і малачаю і адуванчыку. Якасць соку, які выдзяляецца са сцябла адуванчыка (ён мае востры непрыемны смак), паўплывала на тое, што пры назоўніку часта ўжываецца азначэнне, якое падкрэслівае ядавітасць гэтага соку: воўча малако, сабача малако. З гэтымі азначэннямі ў народных гаворках часта ўжываюцца найменні неядомых ягад і грыбоў: воўчыя ягады, воўчыя грыбы. Звычайна плады гэтых раслін з'яўляюцца малаядомымі, неядомымі, або проста лічацца неядомымі, хаця на самай справе іх можна выкарыстоўваць у ежу [13.С.127]. Гэта часткова тлумачыцца і ўласцівасцямі кветкі, якая служыць лекамі для жывёл. Уласцівасць малачаю і адуванчыка выдзяляць белы горкі сок паўплывала на тое, што назвы гэтых раслін у некаторых мясцовасцях зусім не адрозніваюць. Калі параўнаць карты "Малачай" і "Адуванчык", змешчаныя ў Лексічным атласе беларускіх народных гаворак [4], то можна заўважыць, што ў паўночна-заходняй зоне для абедзвюх раслін выкарыстоўваюцца адны і тыя ж назвы: малачай, малачэй і пад. Назвы тыпу малочная трава ўказваюць толькі на тыповую прыкмету, характэрны для назваў раслін і вельмі прадуктыўны ў гаворках суфікс -нік дае больш эканомны спосаб выражэння: млечнік, малочнік. Форма малачай уяўляе сабой архаічную словаўтваральную мадэль, а формы з узноўленай асновай несумненна з'яўляюцца больш познімі. Найменне шматкратна ўзнаўлялася па новых словаўтваральных мадэлях, захоўваючы семантычную мадэль нязменнай [12.С.100]. Спарадычна на Віцебшчыне, а таксама як адзінкавая ў Дзятлаўскім раёне зафіксаваны назвы пухоўка, белыя пухоўкі. Намінацыі з коранем пух- адзначаны таксама ў рускіх народных гаворках: пух, пухколка, пушок, пуховочка, белый пух [3. С. 128]. У аснову наймення пакладзены знешні від кветкі ў той час, як яна адцвітае. Семя пасля адцвітання кветкі становіцца белым, лёгкім, пушыстым (падобным на пух). Пух на кветкавых карзінках пасля цвіцення лёгка здуваецца і разносіцца ветрам
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
76 👁
◀ / 381 ▶