М.Н. Крыўко, С.С. Панізнік
З НАРОДНЫХ ВЫСЛОЎЯЎ МЁРШЧЫНЫ
Акрамя народнай лексікі, для вырашэння лінгвістычных і фалькларыстычных праблем важнае значэнне маюць рознага роду выслоўі – прыгаворкі, прымаўкі, прыказкі, вобразныя выказванні, жартоўныя пажаданні і зычэнні, параўнанні і інш.
Тут падаюцца народныя выслоўі, запісаныя аўтарамі ў мёрскіх гаворках на поўначы Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Па сваёй прыродзе гэтыя выразы семантычна празрыстыя, і таму пераважная большасць іх не патрабуе тлумачэння. Толькі ў рэдкіх выпадках такія тлумачэнні прыводзяцца. Тут пададзена каля сотні вобразных выслоўяў.Многія з іх аўтарамі былі занатаваны яшчэ ў канцы 50-х гадоў XX стагоддзя ад мясцовых жыхароў старэйшага пакалення. Гэту публікацыю таму неабходна разглядаць як прысвячэнне жыхарам мёрскага краю – носьбітам жывых мёрскіх гаворак 50 – 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Адбярэць Божа сорам – будзіць і корам.
Адбярэць Божа стыд – будзеш сыт.
Атараў дзядзька быкам.
Бедны гаруіць, што не ўкіруіць, а багаты тужыць, што ня служыць.
Бог ведаіць, што хто робіць і хто як абедаіць.
Бог даў і перадаў.
Была благая пуга, ды й тая абарвалася.
Была дзеўка – на ўсю вуліцу, а стала баба – на ўсю печ.
Вісіць [адзежына], як на забітым чорце.
Вольнаму воля, багатаму рай.
Воўк і лічаных бярэць.
Вяроўкай хлеб рэзаць (гаворыцца пры характарыстыцы негаспадарлівага, нядбалага чалавека).
Гаршчок гаршку ганьбу даець, ды абадва дзіравыя.
Грэх у мех і сам наверх.
Да гатовага пня і агонь добра класці.
Дай волю – трапіш у няволю.
Да хлеба што хочаш найдзіш.
Дрэнная рада, алі жыць нада.
Дурны грошы копіць, а хітры мяшок шыіць.
Еш, пакуль рот свеж.
Жаронцамі церці (віляць клубамі, задам).
Ждаў, ждаў і жданкі паеў.
Жыць – не мяшок шыць.
Закінь назад – наперадзе знайдзіш.
Зацягнула на чортавы віры каго.
За чужое лычка раменьчыкам плоцюць.
З галавой не дагаварыўся – і да ног ня сунься.
З калена выламаць (выдумаць, прыдумаць).
78 👁