ВЫДЗЮЖЫЦЬ зак. Моцна вымачыць. Сёння нашага пастуха дожч выдзюжыць. Дуброва.
ГАЛАВІСТЫ прым. З вялікай галоўкай (пра капусту, цыбулю). Дуброва, Холмеч.
ГАЛЯВІСТЫ прым. Галінасты. Дзерава галявістая, гольля многа. Дуброва.
ГАРМОНЯ ж. Гармонік. Ціха, толькі далёка заіграла гармоня. Дуброва.
ГАРТ м. У выразе: даць гарту — зрабіць вымову, выгаварыць. Мама дасьць гарту. Холмеч.
ГІГА ж. Нарасць. Гіга — круглая нарасьць якая-небудзь. Гіга як кукуруза. Холмеч.
ГЛЁЎКІ прым. Ацеслівы. Нісмашны хлеб, глёўкі, такі прывезьлі. Дуброва.
ГЛУХІ ВАСІЛЁК. Смаржок. Дуброва.
ГНЕСЬЦІСЯ незак. Тоўпіцца, ціснуцца. А ў мяне, двое цялят гняцецца у адным станку. Дуброва.
ГНІЛІК м. Гніляк. Усю кардоплю перабрала, тут толькі гнілікі. Дуброва.
ГОЛЬКА ж. Галінка. Гольку адламіла, а сучок астаўся. Дуброва.
ГОРА ж. У выразе: а гора яго бяры — ужываецца як праклён. Холмеч.
ГРАСЫ мн. Доўгія ногі. Як доўгія ногі, кажуць: во грасы! Холмеч.
ГРУБАЯ прым. Цяжарная (пра жанчыну). Наша Рая грубая, ужо тры месяцы. Холмеч.
ГУБІНА ж. зборн. Агульная назва ўсіх грыбоў, акрамя баравікоў. Баравікоў німа, набраў усякай губіны. Дуброва.
ГУЛЬБЕС м. Гультай. Гетым гульбесам хлеба не даваць. Дуброва.
ДАЛЯГАЦЬ незак. Даходзіць (да сэрца). Усё ей далягае. Дуброва.
ДАРЭМ прысл. Дарэмна. Яна каа, што я пайду дарэм работаць. Дуброва. Ніхто дарэм ні вязе. Холмеч.
ДАШЧАТКА ж. Дранка. Прывезьлі дашчатку на крышу. Дуброва.
ДЗЮЖЫЦЬ незак. Моцна ісці (пра дождж).
ДОЙКА ж. Сасок (у каровы). У каровы дойкі. Дуброва.
ДОСЮЛЬ прысл. Дасюль, да гэтага месца. Ад Рудака і досюль. Холмеч.
76 👁