ДАЛІКАТАР м. Вельмі далікатны чалавек. Вы ш такі далікатар, з Мінску прыехалі.
ДАМАТКАН м. Даматканы пінжак ці халат. Даматканы цяпер не носяць, гэто ўсё даўнішаё.
ДАРАЖЫНЯ ж. Дарагоўля. Якая ў Гродне на базары даражыня!
ДАЯДЛЫ прым. Назойлівы, надакучлівы. Да самай ночы сядзеў гэты даядлы Паўлюк.
ДВАРЫСКО н. Дварышча. Ідзі індыкаў прагані, усё дварыско заляпалі.
ДЗЯЛЯНКА ж. Костка з мясам або кавалак свіного мяса. Кінь дзялянку якую ў гаршчок — хай варыцца.
ДУБАС м. пагард. Тупы чалавек. Які ш ты дубас!
ДУНДА ж. Самаробная соска. У лапінку заварочваюць хлеп с сахарам, вось і дунда. На дунду, сасі!
ДУША ж. Унутраны паветраны мяшок у рыбы. А як жа рыба без душы? Яна падымацца не зможа.
ДЫХАЦЕЦЬ незак. 1. Прыемна пахнуць. Як кветкі мае дыхацяць, га? 2. Цяжка дыхаць (пра каня). Конь дыхаціць, нагнаў дыхаўку.
ДЫХЦЕЦЬ незак. 1. Падымацца (пра балота). Трасуха дыхціць. 2. Падымацца (пра дошкі ў падлозе). Амаль усе дошкі дыхцяць — трэба падлогу перакладаць.
ЖВІНДА м. і ж. асудж. Чалавек, які бурчыць і ные. Жвінда ты, а не чалавек!
ЖВЫРОЎНЯ ж. Месца, дзе бяруць жвір ці жарству. У нас жвыроўня недалёко ад вёскі, мы аттуль жвыр вазілі.
ЗАБРЫНДОХА ж. асудж. Неахайная жанчына. Вунь забрындоха пайшла, ніколі ў лазьню не сходзіць.
ЗАВАЛЮГА, ЗАВАЛЯКА м. і ж. асудж. Гультай, лодыр. Завалюга ты, толькі п спаць табе! Такі заваляка мне папаўсё — трэба ўсё самой рабіць.
ЗАВЯРЭДЗІЦЬ, УВЯРЭДЗІЦЬ зак. Пашкодзіць, натрудзіць руку. Калі цяшко робіш якую работу і ўвярэдзіў руку, баліць, так і гавораць у нас: завярэдзіў, увярэдзіў руку.
ЗАГА ж. Пякотка. Натта пячэ зага.
ЗАГНЁТ м. Скарынка на хлебе, калі ён толькі падрумяніцца. Калі ў печ садзяць хлеп, на ім хутко робіцца скарынка, кажуць: заняўсё загнёт ці добры на хлебе загнёт.
86 👁