Старонка 16
◀ / 337 ▶
якой-небудзь справы. Загразьлі з возам, дык паўдня таройкаліся, пакуль трактар ня выцягнуў. УБОІШЧА м. і ж. Непаслухмяны, упарты чалавек. У горад ні пускала, усіроўна паехаў, убоішча гэна, хоць кол яму на галаве чашы. УВЭПСЫ прысл. Варожа, наступальна. Сталі на яго дома крычаць, а ён увэпсы, ні слова ня змоўчыў. УВЯЧАЦЬ незак. Папракаць. Зрабі што ні так, свякроўка год увячаць будзіць. УТРАНЦАЦЦА незак. Умешвацца. Я ў дзялы маладых ні ўтранцаюся, хай сваей галавой жывуць. ХАЛЯЙСТРА м. і ж. Нявыхаваны чалавек, нястрыманы. Прышоў, па хаце круціцца, за ўсё хапаіцца — вядома ж халяйстра. ХВАЛЕНДА м і ж. Хвалько. У хваленды ягняты большыя за авечак. ХОЎЛЯ ж. Догляд. Парсючок ешчы ўдаўся, скора хоўлю бярэць. ХУД м. Дамавік. Па даўніх уяўленнях гэта міфічная істота спрыяла павелічэнню набытку гаспадара, калі той з пашанай да яе ставіўся. Ставячы на гарышча любімую страву худа — яечню, прыгаворвалі: «Худ, худ, ідзі сюды, дам яечаньку, абарачаньку». ЧЫЛАЕ прым. Натуральнае, нераздзеленае (пра малако, жыта). Малы толькі чылая малако п'ець, а падлі адгону, дык толькі пакаштуіць і назад. ШКІЛЯНДА ж. Тоўстая каўбаса. На палудзень узялі шкілянды кавалак і хлеба абяртню. ШЫЛАВАТЫ прым. Завостраны, звужаны на канцы. Нос шылаваты, як у Бураціна. Сышліся востры з шылаватым, адзін аднаму ні пірапусьціць. ШАЛЬБАБОН м. Фасоля. Ты кажаш «пасоль», а ў нас гэта завецца шальбабон. Вечарам можа якую кітку шальбабону аблушчым. ЯЛЕНЕЦ м. Ядловец. Яленец да ўсяго добры: пугаўё зь яго зробіш, кавіньку, дужкі ў кошыку — усё моцная, трывалая. З ялянцовай кары даўней лапці плялі ў бары хадзіць, а з лазы — па балоця.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 337 ▶