ПЛАЦЁ н. Бялізна. Столькі плаця намыла — усю гару завешала.
ПЛЫТКО прысл. Мелка. Тут плытко — не раздзяваючыся можно перайсці на другі бок.
ПЛЮТА ж. Стан надвор'я, калі ні то снег, ні то дождж; хлюпота. Такая плюта на дварэ, хоць з хаты ні выходзь.
ПЛЯГА ж. Слізь пры адхаркванні. Нездаровіцца, браце. Плягай сыходжу ўвесь.
ПРАКУЛІКА ж. Незвычайнае нешта, цуда. Пракуліка некая, ні хлопяц. І чаго ён толькі ні вырабляя — і танцуя, і спявая, і на галаве ходзіць.
ПРЫДАНО н. Пасаг. Прыдано яна ўзяла ні малоё — дзесянціну зямлі, сундук адзежы ўсякай.
ПРЫСТАРАНАК м. Бар'ер з бярвення, які аддзяляе ток ад левай або правай стараны гумна. Нашто такі высокі прыстаранак? У старану цяжко пералазіць. За прыстаранкам палядзі, у левай старане.
ПУЧКА ж. Верхні згіб пальца на руцэ; чучка. А няхай цябе! Які ты неасцярожны — усе пучкі паабіваў.
ПЫШ м. Прысак. О, колькі пышу! Вось мы разгорням яго, накладзем туды картопляў, папякуцца яны, хлопчык, як булкі, будуць, скарыначка жоўценькая — аб'ядзенё!
ПЭНКНУЦЬ зак. Трэснуць, лопнуць. Ні пі так много — пэнкняш.
ПЯРЭДНІЦА ж. Спецыяльнае прыстасаванне ў пярэдняй частцы воза (з ланцуга, з вяроўкі) уціскаць сена, збожжа і інш. Пярэдніца ледзвя ліпіць — дзе яна вытрымая такую дарогу?
ПЯРЭПАЛАХІ мн. Замовы ад перапуду. Гэто ж вадзіла хлопца качаць пярэпалахі. Зблажэй, даўся нечаго весь. То хто яго ведая ад чаго? Мо спалохаў хто?
ПЯЧАЙКА ж. 1. Пякотка. Во каторы ўжэ дзень пячайка, як агнём, паліць, усё нутро перагарыць скоро. 2. Рухавы, тэмпераментны (чалавек, конь і інш.). У яго ні баба, пячайка некая, на ёй шкура гарыць.
РАДЗЮШКА ж. Дзяружка. Акрыйся радзюшкаю, цяпло ў хаці, ні змерзняш.
РАСОЛ м. Страва з хлебнага квасу або сыроваткі, маладых агуркоў, маладой цыбулі, укропу. Расолу б з гуркамі пасёрбаць — зрабеця, бабы, ні палянуйцяся.
88 👁