Старонка 40
◀ / 289 ▶
І. Я. Лепешаў У ДЫЯЛЕКТНЫ СЛОЎНІК ГРОДЗЕНШЧЫНЫ Пададзеныя тут словы з'яўляюцца працягам працы «З лексікі вёскі Бершты Шчучынскага раёна»¹. У гэту падборку, як і ў ранейшую, увайшлі словы, якіх няма ў «Беларуска-рускім слоўніку» (1962), «Дыялектным слоўніку (З гаворак Зэльвеншчыны)» П. Сцяцко (1970), «Матэрыялах да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Ф. Сцяшковіч (1972), «Гаворках Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці» Т. Ф. Сцяшковіч (1959), а таксама ў артыкулах з дыялектнымі матэрыяламі Гродзеншчыны, змешчаных у кнізе «З народнага слоўніка» (1975). Выключэнні адзінкавыя і матываваныя (іншае значэнне, інакшае гукавое афармленне і г. д.). Некаторыя адметныя фанетычныя і граматычныя асаблівасці гаворкі вёскі Бершты ўжо называліся ў памянёнай працы. Апрача гэтага, варта адзначыць наступныя: 1. Займеннікі ты, сябе ў родным і вінавальным склонах могуць ужывацца як у форме цібе, сібе, так і з пропускам сярэдніх гукаў — це, се: У це німа лішняго кошыка? Сам за се заступіцца ні можа. Параўн. таксама ва ўстойлівым спалучэнні: Трасе — за бацька і за се (як ацэнка моцнага пітва або кіслай, горкай ці рэзкай ежы). 2. Ад некаторых прыметнікаў простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе суфіксаў -ш-, -айш-: багаты — багатшы, шырокі — шыршы, дзяшовы—дзяшоўшы, здаровы—здароўшы, дарагі — дарошшы, кароткі — каротшы, глубокі — глупшы; высокі — вышайшы, ніскі — ніжайшы, харошы — харошайшы, гарачы — гарачайшы, бліскі — бліжайшы, дужы — дужайшы, кароткі — карочайшы. 3. Асіміляцыя бн у мн, дн у нн, бм у мн: дромны, монны, анна, галонны, халонны, аммінуць. ¹ З народнага слоўніка. Мінск, 1975, стар. 36—52.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
80 👁
◀ / 289 ▶