Старонка 284
◀ / 426 ▶
КАЦІЦЬ незак. 1. Перамяшчаць коцячы. Каціла з гароду да хаты, і хто б яе тушыў. Цясішча. 2. Скручваць у трубку (пра палатно). У трупкі не каціла палатно. Нямойта. КАЦУБАТЫ прым. Даўганогі. А, кацубаты тэй уцёк. Дольдзева. КАЦЮХ м. 1. Кругляк, калода. Кацюх – кусок дзёръва атрэжуць, ацёшуць, во зътарануць дзвёры. Гарадзец. КУЦЮШКА ж. памянш. Куцюшкамі прывёс [дровы], пабіць нада толькі. Багданава. 2. Рулон (пра сена). Кацюхі етые дзень цягалі. Партызаны. КАЦЯЛОК м. Кацялок. Такі къцялок надзелі на трубу, штоп красівей было. Марозаўка. Давай кацялок соллі. Міцюкова. КАЦЯНЁНАК м. памянш.-ласк. Кацяня. А ці ні Лізін къцянёнак еты? Багданава. Кацянёнак быў малы, дак крысы з'елі. Ульянавічы. КАЦЯЦІНЫ прым. Каціны. Кажуць, што там шкурынку къцяціну дъ нагі [прывязваюць, і гэта абараняе ад змей – у Сібіры]. Леснікова. КАЧАЛКІ мн. Прылады для разгладжвання, качання бялізны; качалкі. У качалкі качалі бяллё, я іх і ні выкідаю. Ей ужо дужа многа гадоў, етай качалкі. Каралі. У качалкі качалі, круглая такая і плоская з зубамі. Багданава. Кьчалкъмі пъкъчаіш сваё, то мякінька, блішчыць [пра тое, што лепш імі палатно качаць]. Галашчакіна. На качалкі такія дзірвянныя качаіш, качаіш [скуты]. Багданава. А гэту качалку дзеці недзе знеслі. Вялікі Азярэцк. КАЧАН м. 1. Галоўка капусты. Къчаны радам на ніз у бочку нъкладаем. Вялікі Азярэцк. 2. Нешта, звітае ў шарападобную форму. Як пасціла кароў, нашлі къчан звіты осаў. Осы ў дырачку ўлазяць. Партызаны. ◊ СТРЫГЧЫСЯ НА КАЧАНА. Налыса. Хоць ты на кьчъна стрыжыся. Нямойта. КАЧАННЕ н. зб. Качаны. Качанне кладуць: рад капусты, рад качання. Запруддзе. Насячэш карыта качання і з'ядалі каровы. Закур'е. Вейся, расада, у качанне, / Дачня долечка – з венчання (з песні). Чуцькі. КАЧАРГА ж. 1. Качарга. Качаргой зачапіў булку і выцяг. Чуцькі. Узяла качаргу і пор у вужаку. Къчарга на качарэжніку. А баба за ім – з качаргой. Багданава. Купіла баба къчаргу жар выгарнъвъць. Заазер'е. С таптуном стаіш, а ззаду йдзеш і б'еш, і б'еш къчаргою і ў таптун зганяіш. Фасаўшчына, Дольдзева, Турава, Дуброўкі, Закур'е. 2. эмац.-ацэн. Пра старую нязграбную жанчыну. Състарылісі дзве къчаргі і нікаму ні нада. Къчърга ты старъя! Чуцькі, Заазер'е. 3. экспр. Вінтоўка. А мама нъ яго гаворыць: на што ты гэту къчаргу вълачэш на печ? Серкуці. КАЧАРЫГА ж. Храпка. Качарыга адна, а лісту нету [на капусце]. Карпавічы. КАЧАРЫЖКА ж. Тое ж. Як зрэжуць качан – качарыжка на полі. Розмыслава. КАЧАРЭЖНІК, КАЧЭРЖНІК м. Качарэжнік. Къчарэжнік – дзе къчарга, чъпяла, вілкі. Багданава. У качэржніку – вілкі. Леснікова. Навяжыш на палку [памяло], яно стаіць у качарэжніку. Каралі. Къчарэжнік тады звяжуць вяроўкай ці палаценцам, кап высвутуў дзеўку (прыкмета). Вялікі Азярэцк. У къчарэжніку стъяла чъпіла з бярозавым чъпяльнішчам, і гром даў пу бярозъвъму чъпяльнішчу і ў дзверы выкаціўся. Ракаў Засценак. Качарэжнік кала печы, там і качарга, там і вілкі. Алексінічы, Дольдзева, Рэчкі, Сукрэмна, Фасаўшчына, Неўгадава. КАЧАЦЦА незак. 1. Пераварочвацца з боку на бок (пра чалавека, жывёлу). Качаюся, качаюся – і засну. Партызаны. На ўсю сцяну пол сдзелаюць, і ўсе къчаюцца.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
86 👁
◀ / 426 ▶