УЛОНІ наз., р. -ей (-яў), адз. няма. Улонне. Узяць на ўлоні — узяць на калені, на ногі (калі чалавек сядзіць). Сагрэўся хлапец і на ўлонях заснуў. Як узіла на ўлоні—і сьціхла (дзіця). Параўн.: руск. лоно.
УМЫКНУЦЬ дзеясл., -ў, -еш, неперах., зак. Хутка і незаўважна знікнуць, уцячы. Куды ён умыкнуў ацьсюль, ніхто й ні бачыў. Калі ні ўмыкнець куды, то пасобіць (гл.) піранесьці (бульбу).
УНАДЗІЦЦА дзеясл., -дж-уся, -дз-ішся, зак. Прывучыцца, узяць моду, звычку часта і назойліва наведвацца (куды-небудзь). Як унадзілісь куры ў ячмень, дасьпець ні далі.
УПЕРАК прысл. Упоперак. Лёх уперак пасьцелі й сьпіць. Уперак ні скарадзілі сэліта. Ужываецца таксама ўпоперак.
УПЛІКНУЦЬ дзеясл., -ў, -еш, неперах., зак. Сцёбнуць (чым-небудзь тонкім, гнуткім, напрыклад, пугай, бізуном, дубцом). Другому (каню) ўплікнуць трэба лі сядзэлкі. Уплікнуў разы два пугай. Гл. ушпіліць.
УСКАПАНІЧЫЦЬ дзеясл., -у, -ыш, перах., зак. Гл. капанічыць. Ускапанічыла адну гратку й ўжо прыстала.
УСПАЦЦА дзеясл., -пл-юся, -п-ішся, неперах., зак. Моцна заснуць. Так успалісь, што й ня чулі, як граза была. Што за хлопіц: як усьпіцца — ні разбудзіць.
УТОЎПІЦЦА дзеясл., -пл-юся, -п-ішся, зак. Змясціцца, улезці. Сабралі парцізаны схот, і столькі людзей прышло, што ня ўтоўпілісь ў хаці. У адну ськірту (гл.) чуць утоўпілісь (дровы). Гл. тоўпіцца.
УШПІЛІЦЬ дзеясл., -ю, -іш, неперах., зак. Ужываецца побач з уплікнуць (гл.). Ляніваму (каню) ня ўшпіліш — ні пабяжыць.
ХАКАЦЬ дзеясл., -ю, -еш, неперах., незак. Часта, цяжка дыхаць. Учора ўжо быў слабы — чуць хакаў. Аж хакае (сабака) ад жары (арф.).
ХАЛАДЗЯНКА наз., ж., р. -і, мн. няма. Халодная вада ў лазні. Цэбар халадзянкі нанасілі. Біс халадзянкі на палку ня ўседзіш.
ХЛОП. Выклічнікава-дзеяслоўная форма. Крышка хлоп і закрыла яго (ката).
78 👁