ЖУЛІК м. прайдзісвет, абманшчык. Жулікі абманулі мяне, а я паверыла іх брахні (Халочча, Чач.+Багданавічы, Карм.; Іскра, Чач.; Кароткавічы, Жлоб.).
ЖУЛІК перан. бутэлька (0,25 л). Бабуля сустрэла сваю ўнучку і паслала ў лаўку за жулікам, бо да іх прыехалі госці (Антонаў, Ельск.).
ЖУПІЦЬ незак. гутарыць. Гануля як пачне жупіць, то ні канца, ні краю няма ў яе гутарцы (Буйнавічы, Маз.); А гэты дзядок усё жупіць і жупіць (Іванкаўшчына, Маз.); Ен ужэ жупіць нешта (Запясочнае, Маз.).
ЖУР м., толькі адз. кісель (аўсяны). Аўсяную муку рашчыняюць, тады на рэшата і вараць — ета жур (Холмеч, Рэч.); Журу наварыць нада (Мормаль, Жлоб.); Жур учыняюць з аўсяных хлоп'яў, цёплай вады і дражжэй (Марозавічы, Б.-Каш.+Азяраны, Раг.; Багуцічы, Ельск.; Галоўчыцы, Раг.; Дзяржынск, Нар.; Кароткавічы, Жлоб.; Меркулавічы, Чач.; Навасёлкі, Петр.; Неглюбка, Ветк.; Тульгавічы, Хойн.; Холмеч, Рэч.).
ЖУРАВЕЛЬ м., перан. бутэлька (3 літры). Журавель з гарэлкай паставілі ў каморку (Н. Гута, Гом.); На вяселлі ў Ціта мо дзесяць жураўлёў гарэлкі пашло (Шырокі, Б.-Каш.). Параўн. жураў II.
ЖУРАЛО н. ручай. Як пройдзе дождж, дык у нас цераз вуліцу журало бяжыць (Заспа, Рэч.).
ЖУРАЎ м., заал. журавель. Жураў нясе сытаўку ў вырай (Лядцы, Светл.); Журавы ўжэ па балоту ходзяць (Навінкі, Калінк.+Углы, Браг.). Параўн. жураўка.
ЖУРАЎ м., перан., тое, што журавель. У вугле стаяў жураў настойкі (Забалоцце, Раг.).
ЖУРАЎКА м., заал., тое, што жураў I. Жураўка нізка леціць (Дзямянкі, Добр.).
ЖУРАЎКІ толькі мн., перан. кольца на навоі. У нашом вороцілі вельмі вусокіе жураўкі (Тонеж, Лельч.); На жураўках падвешаны ніты (Будкі, Нар.).
ЖУРЫЦЦА незак. 1. смуткаваць, хвалявацца. Ды што ты журысся (В. Нямкі, Ветк.); 2. клапаціцца. А з сенам трэба журыцца, бо карову карміць нада (Піркі, Браг.).
ЖУШЧЭРЫЦЬ незак. 1. жаваць (пра чалавека). Ты што ўсё жушчэрыш? (Харошаўка, Добр.); 2. жаваць (пра жывёлу). Карова жушчэрыць цэлую ноч сена (Насовічы, Добр.).
80 👁