ДУБОВІК м. плытагон. Дубовіку болей усіх плацілі (Кароткавічы, Жлоб.).
ДУБРАЎКА (дуброўка) ж., бат. зуброўка (расліна). Ета трава такая лячэбная дубраўка, ат жывата (Гармавічы, Жлоб.); Дуброўка ў алешніку расце: верх яе не ўпатрабляюць (Баравікі, Светл.).
ДУБЯНКА ж. посуд (з дубу для мёду). Іванаву дубянку прынёс, а яны сцягнулі (Насовічы, Добр.).
ДУГА ж., толькі адз. вясёлка. Глядзі, дуга воду набірае (Буйнавічы, Маз.); каромысла. Дуга плоскай робіцца, каб не муліла плячо (Любань, Б.-Каш.).
ДУЖА прысл. вельмі. Дужа многа бульбы сёлета (Неглюбка, Ветк.).
ДУКАВАЦЬ незак. вучыць. Цябе яшчэ дукаваць ды дукаваць трэба (Кабанаўка, Жлоб.).
ДУЛАТЫ прым. аброслы. Наша адна курыца дулатая, як у штанах (Бабовічы, Гом.).
ДУЛЬКА ж. кудзеля. Спрала дзве дулькі (Пагоннае, Хойн.).
ДУЛЯ ж. гатунак (груш). У Міколы дулі па кулаку растуць (Неглюбка, Ветк.); жарт. кукіш. Дай ты яму дулю пад нос і не разгаварывай (Ніўкі, Добр.).
ДУНУЦЬ зак., перан. уцекці. Хлопцы нашы як дунулі, што з сабакамі не дагоніш (Быч, Карм.).
ДУПЛАНАЦІК м., тое, што дубельт. Чалавек з Светлагорска прыяжджаў з ружжом, пытаў дупланацікаў (Баравікі, Светл.).
ДУПЛЯВЫ прым. дуплаваты. Уся бручка еты год дуплявая (Бабовічы, Светл.). Параўн. дупляны, дупляты, дупляняты.
ДУПЛЯК м. (дуплянка ж.). вулей (з дупла). Дуплякоў дваццаць у дзеда было; за тысячу прадалі (Насовічы, Добр.); Дуплянак зараз менш ранейшага, ды і ў тых пчол няма (Піркі, Браг.).
ДУПЛЯНЫ (дупляты, дупляняты) прым., тое, што дуплявы. Картошка і бруква бывае дупляная (Холмеч, Рэч.); Рэдзькі не паясі, бо ўся дуплята (Сямёнаўка, Рэч.); Багата дуплянятай бручкі ў брыгадзе (Неглюбка, Ветк.).
ДУРУКАВАТЫ прым. наравісты. Калі конь дурукаваты, дак і людзей убівае і воз абарачвае (Ручаёўка, Лоеўск.).
ДУРМАН м., толькі адз. піжма. Ета ў нас піжму дурманам дразняць (Холмеч, Рэч.).
79 👁