ДАВІЦЦА незак., перан. працаваць (цяжка). Я от даўлюся дзень і ноч, а ты лынды б'еш (Насовічы, Добр.).
ДАГНАЦЬ зак., перан. дапячы. Дагналі мне твае госці за нядзелю (Дзвіжкі, Ельск.).
ДАГРЫЗЦІ зак. 1. загрызці. Каб яго ваўкі дагрызлі (Насовічы, Добр.); 2. перан. даканаць. Дагрыз-такі дзеўку ірад (Насовічы, Добр.).
ДАГРЭБЦІСЯ зак. дайсці. Мо к вечару як даграбуся да Церахоўкі (Насовічы, Добр.).
ДАГУЛКІ толькі мн. гулянне (у канцы свята). Гэта ўжо дагулкі гулялі, а сабраліся, як і ў першы хрысцінны дзень (Касцюкоўка, Гом.).
ДАДАМАЎСКІ прым. рамачны (вулей). Дадамаўскія вуллі і рамачныя — адно і тое (Піркі, Браг.).
ДАДОЛЬНІЦА ж. кашуля (доўгая). Даўно сам у кашулі-дадольніцы бегаў, а цяпер — дырэктар (Капань, Рэч.).
ДАДОМКУ прысл. дадому. А ну, дадомку, чэрці! (Стралічаў, Хойн.). Параўн. дамоўкі.
ДАЖВЯКАЦЬ зак. даесці. Ты што, бяззубы? У школу пара ісці, а ніяк не дажвякаеш (Насовічы, Добр.).
ДАЖДЖАНКА ж. вясёлка. А пасля дажджу — дажджанка на усё неба (Белы Пераезд, Петр.).
ДАЖЫНА ж., толькі адз. дажынкі. Гаварыў брыгадзір, што пойдам дні два на дажынку (Быч, Карм.).
ДАЗАРЭЗУ прысл. вельмі. А маёй дзеўцы безразмерныя чулкі дазарэзу трэба на вечар (Шылавічы, Б.-Каш.).
ДАЗЛЯЦЬ незак. дапякаць. Не дазляй мяне, а то як узлюся, дак дам ужо (Палессе, Чач.).
ДАЙСЦІ зак., перан. змардавацца. Дайшоў ужо гусак і сам (Піркі, Браг.).
ДАКОПІНЫ толькі мн. 1. дакопка (бульбы). На дакопіны братавая ўчора прыехала (Насовічы, Добр.); 2. святкаванне дакопкі (бульбы). Прыходзь на дакопіны: чарку вып'еш (Беразнякі, Петр.); Параўн. дакопкі.
ДАКОПКІ толькі мн. 1. тое, што дакопіны. Кончыліся дакопкі, людзі цяпер лягчэй уздыхнулі (Зенькавіна, Карм.); 2. святкаванне (пасля дакопкі бульбы). Як дакопкі спраўлялі, дык увесь калгас збіраўся (Баравікі, Светл.).
ДАКОСЫ толькі мн. дакоскі. Каб трохі паднажалі, дык ужо б і дакосы адгулялі (Беразнякі, Петр.).
ДАКУТЛІВЫ прым. дакучлівы. Ён такі дакутлівы, як дождж асенні (Быч, Карм.).
80 👁