ГУСЦЕЧА ж., толькі адз. гушчар. Во гусьцеча — ні праехаць, ні прайсці (Карма, Добр.). Параўн. гушчэча.
ГУТАЛКА (гутаталка) ж. арэлі. Зачапі за баньку лейцы, вазьмі дошку — будзе гуталка (Пясчанікі, Жытк.); На агародзе мой зрабіў дзецям гутаталку (Рудня, Жытк.).
ГУТАТАХАЦЦА (гутатацца) незак. калыхацца. Як дзеўкі козлы зьдзелаюць, калышуцца і песьні пяюць, гутатахаюцца (Прыбар, Гом.); А тады на бярэзіну ўскочыла і давай гутатацца (Барталамееўка, Чач.).
ГУШЧЭЧА ж., тое, што гусцеча. Вядзе іх у гушчэчу да ў тхлань (Лучыцы, Петр.).
ГЭСТЫ займ. гэты. Сумна стала чалавеку ў гэстуй нетры (Лучыцы, Петр.).
ГЭПНУЦЬ зак. ударыць. Да як усхапіў яго за грудкі, ды і гэпнуў аб зямлю, ажно змей па пояс у той ток урэзаўся (Навасёлкі, Петр.).
ГЭРЧЫК м. прайдзісвет. Даўно знаюць гэткіх гэрчыкаў (Палессе, Чач.).
Д
ДАБІРКІ толькі мн. заканчэнне (уборкі лёну). У калхозе заканчываюць дабіркі, як студэнты прыяжджаюць (Зенькавіна, Карм.).
ДАБІТНЫ прым. кемлівы. Ён дабітны такі быў: і плотнік, і хату паставіў (Баравікі, Светл.)/пранырлівы. Ну і дзеўка вырасла: такая дабітная, ад усіх (Хальч, Ветк.).
ДАБРАК м. баравік. Саб'е дабрак і не пабача (Ліпнякі, Лоеўск.); У нас усе збіраюць дабракі (Бабовічы, Гом.); У лесе многа дабракоў найшла (Капань, Рэч.). Параўн. дабрэк, добрык.
ДАБРОЧЫ прым. дыхтоўны. Там пад Цёмным лесам сасняк даброчы (Піркі, Браг.).
ДАБРЭК м. тое, што дабрак. Дабрэк — самы харошы грыб (Неглюбка, Ветк.). Параўн. добрык.
ДАБЭРА ж. гатунак (бульбы). У скараспелцы вады болей, чым у дабэры (Быч, Карм.).
ДАВЕЛЬНІК м. шыбенік. Давельніка знялі з віселіцы (Бабовічы, Гом.).
ДАВЕСЦІ зак., перан. раззлаваць. Давядзеш ты мяне да таго, што шкуру спушчу (Баравікі, Светл.).
ДАВІВАНКА ж. від верацяна. Я тры ручайкі зматала ў адну давіванку (Тонеж, Лельч.).
77 👁