ГАРАВАЦЬ незак. працаваць. Цяпер я болей стаў гараваць, багацейшы стаў (Узнаж, Светл.).
ГАРАНКА ж. ручка (нажа). Зрабіў сабе гаранку во (Бабовічы, Гом.).
ГАРАНОК м. комін. Разваліўся гаранок, і нільзя печ тапіць (Башыца, Б.-Каш.).
ГАРАПОЧАК м. пасудзіна (з падмазкай). Дзе той гарапочак дзеўся, скавародку няма чым падмазаць (Любань, Б.-Каш.).
ГАРАТНІК м. гаротнік. Вось ужо дык гаратнік, большага я яшчэ не бачыў (Забалоцце, Раг.).
ГАРАХАВІШЧА н. гарохавішча. На гарахавішчы добрая зямля, гарох зямлю ўдабрае (Марозавічы, Б.-Каш.). Параўн. гарахоўе.
ГАРАХВЯНКА ж. салома (гарохавая). Гарахвянку звозілі ўчора з поля (Майскае, Жлоб.).
ГАРАХОЎЕ н. толькі адз., тое, што гарахавішча. Гарахоўе засеялі ў гэтым годзе грэчкай (Запясочча, Жытк.).
ГАРАЦ м. гарнец. Вылез аттуля ксёндз, усё роўна як чорт удзелаўся ў сажу — ведама, гарцаў дваццаць яе там было (Шарахоўскія Буды, Раг.).
ГАРАЧКІ толькі мн. абед (пасля пахавання нябожчыка). З могілак усе ідуць на гарачкі (Багданавічы, Карм.).
ГАРБА ж. воз (вялікі). У нас гарбамі бульбу возяць (Шарпілаўка, Гом.).
ГАРБАК (гарбыль) м. аполак. Гарбакі нада ў кучу скласці. (Халочча, Чач.); Во, гэта гарбак,— не падняць (Халочча, Чач.); Вон ляжыць гарбыль, бачыш? (Піркі, Браг.).
ГАРДАВАЦЬ незак. пагарджаць. Будзь ласкава, не гардуй, перахрысці майго ўнука (Багуцічы, Ельск.).
ГАРДАВІНА ж. гатунак (каліны). У гардавіны вельмі салоткія ягады (Пагост, Жытк.).
ГАРКАЦІННЕ н. гаркавасць. Не суп, а адно гаркацінне (Халочча, Чач.).
ГАРКУША ж. грыб (з чырванавата-карычневай, варонкападобнай шляпкай і бугарком пасярэдзіне). Гаркуша гэта, не бяры яе. Гаркушы трэба мачыць некалькі дзён, а потым саліць можна (Даманавічы, Калін.).
ГАРЛАВІНА ж. горла. Гарлавіна ў сына баліць усё (Піркі, Браг.); У гарлавіне сцісла, не магу каўтаць (Макрэц, Браг.).
80 👁