ВУСЦЯНАК м. затычка. Дзірачка ў скрыні была, яе затыкалі вусцянком (Барталамееўка, Ветк.).
ВУСЯКАЦЦА незак. высмаркацца. Фёдар вусякаўся на вуліцы (Запясочча, Жытк.).
ВУТАК м. самец (качкі). Вутак наскрозь багата дзержаць, а вутакоў — два-тры (Ручаёўка, Лоеўск.).
ВУТВА ж. качка (дзікая). Ек мы пасцілі каровы, то й найшлі вутву (Дзяржынск, Лельч., тое ж: Навінкі, Калінк.).
ВУТНУЦЬ зак. стукнуць. Ён першы мяне вутнуў, а я даў здачы (Багуцічы, Ельск.).
ВУХАВАДНЫ прым. сварлівы. То яна ж баба вухавадная (Палессе, Чач.).
ВУЦЕРАБ м. поле (пасля выкарчоўвання). Багато на вуцерабу паработалі (Астрагляды, Браг.).
ВУЦІРКА ж. ручнік. Штой-та ты выціраісся навалкай, во ж вісіць вуцірка (Палессе, Чач.). Параўн. выціральнік, выцірка.
ВУЦЯЦЬ зак. выцяць, стукнуць. А ён мяне ні разу не вуцяў (Камаровічы, Петр., тое ж: Антонаў, Ельск.).
ВУЦЯНЁНАК м. качаня. Слабенькі вуцянёнак, сядзіць ціхенька (Халоччá, Чач., тое ж: Бабовічы, Гом.). Параўн. вуцяня.
ВУЦЯНУЦЦА зак. выцяцца. Ох, і моцна я вуцянулася (Асінаўка, Светл.).
ВУЦЯНЯ н., тое, што вуцянёнак. Наверна, адно вуценя заблудзілася, бо не ўсе дома (Марозавічы, Б.-Каш., тое ж: Неглюбка, Ветк.); Трэба ўжы вуценят пакарміць (Каравацічы, Рэч., тое ж: Аравічы, Хойн.).
ВУЧЫЦІЛКА ж. настаўніца. Да нас у школу новая вучыцілка прыехала (Асінаўка, Чач.).
ВУШАНКА ж. шапка. Гэтая ж вушанка падыходзіць майму ўнуку (Крупейкі, Лоеўск., тое ж: Багданавічы, Карм.); У мяне нема вушанкі (Забалоцце, Раг.); А нука, разбойнік, вярніся дамой і надзень вушанку (Рудня, Чач., тое ж: Кароткавічы, Жлоб.); Зімой хлопцы усе носяць вушанкі (Баравікі, Светл., тое ж: Р.-Каменева, Лоеўск.; Раманавічы, Гом.).
ВУШАТКА ж. бочка (драўляная з ручкамі). У вушатцы ў нас заўсёды ёсць квас (Хвойнае, Хойн.).
ВУШАТКА ж. курыца (з вушнымі нарасцямі). Загані вушатку ў хлеў (Неглюбка, Ветк.).
ВУШАЦІЦ м. збанок. Наліла малако ў вушаціц (Майскае, Жлоб.).
87 👁