ВАТНІКІ толькі мн. штаны (ватныя). У ватніках добра зімой у лес па дровы ездзіць (Рафалаў, Браг.).
ВАТОЎКА ж. фуфайка. Ватоўку толькі для свята блюдзеш! (Быч, Карм., тое ж: Запясочнае, Маз.; Капань, Рэч.; Раманавічы, Гом.); А гэта ватоўка табе вельмі кароткая (Зладзін, Маз.); Хоча мая дзеўка сабе яшчэ ватоўку зрабіць (Буйнавічы, Маз.).
ВАТРУБЯНКА ж. вантрабянка. Каўбаса добрая, а мая дачка прасіла прыслаць ёй ватрубянку (Навінкі, Калінк.).
ВАТРУСІЦЦА незак., зневаж. сланяцца. Не ватрусся тут (Стаўбцы, Ветк.).
ВАТЭТАЧКА прым. маленькая. Была ватэтачка, а прыехала, то ўжо за маці большая (Перароў, Жытк.).
ВАЎКА ж. балячка, нарыў, рана. Каб ты толькі ведала, як баліць мая ваўка (Жгунь, Добр.); Баляць у яго беднага ваўкі, ажна плача (Махновічы, Маз.).
ВАЎКАВАТЫ прым. злосны, сярдзіты, хмуры. Вось нейкі ваўкаваты стаў (Навасёлкі, Петр.).
ВАЎКАЛАКА ж. ваўкалак. Кажуць усе, ён мо ваўкалака (Холмеч, Рэч.); ваўчыца. У піліпаўку ваўкалака раз па дзярэўні хадзіла (Неглюбка, Ветк.).
ВАЎКАРЭЗІНА ж., груб. крык (на каня). Но-о! Ваўкарэзіна ты. Хіба дубца на цябе вазьму, будзеш бегці (Успалішчы, Жлоб.).
ВАЎКАЎНЯ ж. хата (халодная, пустая). У тваёй ваўкаўне зімою хоць сабак ганяй (Галубіца, Петр., тое ж: Заспа, Рэч.).
ВАЎКАЧЭЧА ж., толькі адз. чарада ваўкоў. У піліпаўку за Дняпром заўсёды блукае галодная ваўкачэча (Заспа, Рэч., тое ж: Каравацічы, Рэч.; Перароў, Жытк.).
ВАЎЧАЧЫ прым. воўчы. Ваўчачы след пайшоў у сяло (Забалоцце, Раг.).
ВАЎЧУГА м. воўк. Апанас, як той ваўчуга, ходзіць па двару і ні з кім не гаворыць (Запясочнае, Жытк.).
ВАШОЧЫЦЦА незак. валачыцца. Кіне ўсё і вашочыцца кудысьці (Піркі, Браг.).
ВАШЧУРКА ж. яшчарка. Я так спужаўся ў лесе вашчуркі (Салтанаўка, Б.-Каш.).
ВЕЗЕНКА ж. хустка (вязаная, баваўняная). Ету везенку мне сын прывёз (Шылавічы, Чач.).
ВЕРАШЧАК м. верашчака. На верашчак да мяне сёння прыходзь (Лукі, Жлоб.).
81 👁